«Заходняя Эўропа ў роўнай ступені аказалася не гатовая ні да Пуціна, ні да Трампа»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра абвастрэньне стасункаў з Польшчай.

– Выраз «залёт расейскіх дронаў на тэрыторыю Польшчы» у дачыненьні да апошніх падзеяў — і слабы, і недакладны, – піша Навумчык. – Найбольш блізкая да рэальнасьці фармулёўка — удар Масквы па NATO.

Сяргей Навумчык

Наўрад ці гэты ўдар — пачатак таго самага нападу на Польшчу і краіны Балтыі, пра які шмат пішацца: ня тая канцэнтрацыя войскаў нават з улікам сумесных вучэньняў Масквы і Менску.

Але менавіта гэтак, хутчэй за ўсё, і мог бы пачынацца маштабны наступ — з лякальных, нават без чалавечых ахвяраў, правакацыяў. Якія запатрабавалі б ад другога боку прывядзеньня сыстэмаў абароны ў значна большую, чым звычайна, баягатоўнасьць. Што, у сваю чаргу, дазваляе агрэсару вывучыць розныя аспэкты гэтай гатоўнасьці, моцныя і слабыя яе бакі.

Так, гэта яшчэ не пачатак наступу. Але ўжо і не пачатак вайны. Вайна ідзе даўно, і агрэсія супраць Украіны, нароўні з дэ-факта акупацыяй Беларусі — толькі першапачатковы этап.

Пакуль гэта ўсьведамляе зусім нязначная частка эўрапейскага насельніцтва і мізэрная колькасьць палітыкаў.

Датычна грамадзтва можна казаць пра псыхалягічныя прычыны (няпроста прызвычаіцца да думкі, што заўтра бутэлька вады ці банка тушонкі можа быць даражэй, чым, напрыклад, дом — бо дом давядзецца пакінуць).

Што да эўрапейскіх лідэраў — тут прычыны ў дыяпазоне ад палітычнай безадказнасьці да няздольнасьці прааналізаваць уласную эўрапейскую гісторыю хаця б апошняй сотні гадоў і ролю ў ёй Масквы.

Заходняя Эўропа ў роўнай ступені аказалася не гатовая ні да Пуціна, ні да Трампа.

Сапраўды, цяжка ўстрымацца ад гістарычных прыкладаў. Звычайна праводзяць паралелі з Другой сусьветнай — калі краіны заходніх дэмакратый здавалі пазыцыі адну за другой у спадзяваньні «супакоіць» Гітлера (пра тое, што і Сталін быў ня «голуб міру», неяк забываюць).

Прычыны апошняй сусьветнай вайны шмат у чым палягаюць у сутыкненьні двух ў роўнай ступені антычалавечых ідэалёгій — нацызму і камунізму, і ў гэтым сэнсе чарговае ідэалягічнае вар’яцтва — «русский мир» —сапраўды з’ява небясьпечная.

Але мне прыгадваецца і Першая сусьветная вайна, дзе не было глябальнага супрацьстаяньня ідэялёгій. Па ўсіх прыкметах, яна не павінна была пачацца: дастаткова сказаць, што манархі варагуючых краінаў былі ў сямейным сваяцтве (скажам, расейскі цар прыходзіўся дваюродным братам брытанскаму каралю).

Мэмуарныя і архіўныя крыніцы сьведчаць: вайны ніхто не жадаў, і на першым этапе, здавалася, рабілася ўсё, каб яе не было — а тым ня менш, вайна пачалася і пацягнула за сабой крывавыя рэвалюцыі і яшчэ больш жудасную вайну.

Тут міжволі ўзгадаеш ужо не гістарычныя манаграфіі, антычную драматургію зь яе тэмай перадвызначанасьці Року, перад якім чалавек — бясьсільны.

Але тое — тэатар. Рэальнасьць жа шмат у чым вызначаецца рэальнымі дзеяньнямі рэальных палітычных лідэраў.

У 1991-93 гадах Беларусь, пры ўсіх цяжкасьцях, мела шанец эўрапейскага вэктару разьвіцьця і, хай і запаволена, з рыўкамі ды адкатамі — рухалася ў гэтым накірунку.

Лукашэнку ніяк не назавеш пэрсанажам Эсхіла ды Эўрыпіда, залежным ад жаданьня багоў. Тое падпарадкаваньне Крамлю, якое цяпер дэманструе афіцыйны Менск, Лукашэнка набліжаў дзесяцігодзьдзямі сваёй прарасейскай пазыцыі. Набліжаў асэнсавана і мэтадычна.

Зрэшты — менавіта з такой мэтай Масквой і быў ён прасунуты на прэзыдэнцтва ў 94-м, а ў 96-м — уратаваны ад імпічмэнту.

... У гістарычныя моманты даваць прагнозы рызыкоўна, але адзін, на маю думку, можна зрабіць сьмела. Закрыцьцё Варшавай мяжы зь Беларусьсю (між іншым — а ці зачыняць мяжу з Расеяй, ад якой сыходзіць найбольшая небясьпека?) — выглядае, надоўга.

Ва ўсякім разе, калі шлагбаўмы ўздымуцца адразу пасьля завяршэньня сумесных вучэньняў, беларусы, якія патрапяць у Польшчу, незалежна ад сваёй канфэсійнай прыналежнасьці, мусяць паставіць сьвечку ў першым жа касьцёле — як сымбаль удзячнасьці за цуд Боскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)