Скандалы

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Як стала вядома Нашай Ніве, дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі — не адзіны затрыманы з ліку арганізатараў канцэртаў.

Па інфармацыі чытачоў, сілавікі прыйшлі і па прыватнікаў: дырэктара кампаніі тэхнічнага абсталявання для мерапрыемстваў Blackout Studio Іллю Пятроўскага і Аляксандра Манышава, арганізатара канцэртаў, які мае дачыненне да агенцтваў «Атам Інтэртэйнмэнт» і «Анбрэйкбл» і абслугоўваў пралукашэнкаўскія мерапрыемствы.

— Наколькі мне вядома, камусьці ва ўладзе не спадабалася, што гэтыя кампаніі занадта манапалізавалі рынак, абслугоўвалі большасць мерапрыемстваў. Прапанавалі дзяліцца. Магчыма, што бізнэс адціснуць. Маўляў, чаму гэта за дарагое абсталяванне дзяржаўныя пляцоўкі мусяць плаціць так шмат левым людзям. Але ў выпадку з Манышавым, дапускаю, што [сярод абвінавачванняў] можа быць і карупцыя, — каментуе крыніца «Нашай Нівы» з івэнт-сферы.

Ілля Пятроўскі. Дырэктар Blackout Studio. Фота: інстаграм

Кампанія Blackout Studio была заснаваная ў 2009 годзе. Ёй кіруе выпускнік БДУ Ілля Пятроўскі. У сваім арсенале яны маюць усё для правядзення мерапрыемстваў нават на самых буйных пляцоўках — ад светлавога і гукавога абсталявання да кінетыкі і пад’ёмных механізмаў. Кампанія тэхнічна забяспечвала выступы такіх зорак як Святлана Лабада, Бі-2, Lindemann і іншых.

Яны ж, напрыклад, стваралі здымачны горад з інфраструктурай для шоу X-Factor, працавалі на прэміі МузТБ. За час існавання кампанія папрацавала не толькі на беларускім рынку, але і ў Расіі, Казахстане, Украіне, ААЭ, Нідэрландах.

Тэлефон дырэктара Blackout Studio Іллі Пятроўскага цяпер недаступны. У мужчыны дзве непаўналетнія дачкі.

Аляксандр Манышаў. Фота: TUT.BY

Аляксандр Манышаў — мамант івэнт-сферы, ён займаецца ёй з канца нулявых. Ён меў дачыненне да такіх кампаній як «Дракон і Фенікс», «Карпарацыя/Індустрыя забаваў», «Анбрэйкбл». Але больш за ўсё на слыху было канцэртнае агенцтва «Атам Інтэртэйнмэнт» (Манышаў там на пасадзе тэхдырэктара).

Яно ў розныя гады прывозіла ў Беларусь Moby, Linkin Park, Lana Del Rey, 30 Seconds to Mars, Земфіру, але адначасова і ладзіла канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі. Адзін з іх 8 жніўня 2020 года так і не здарыўся праз адмову запрошаных артыстаў прыязджаць у Мінск пасля таго, як іх пра гэта масава папрасілі беларусы.

Манышаў адчуваў сябе досыць камфортна ў Беларусі — на свой дзень народзінаў мог дазволіць сабе запрасіць выступіць гурт «Ленінград». Бываў госцем на вечарынах, якія ладзіў Віктар Лукашэнка. У 2017 годзе Манышаў атрымліваў прэмію VKLYBE.TV AWARDS як «акула шоу-бізнэсу».

«Ленінград» на юбілеі Аляксандра Манышава (у белай кашулі)

Што цікава, яшчэ ў 2022 годзе Манышаў са сваімі кампаніямі і асобна як індывідуальны прадпрымальнік трапіў у рэестр «правераных» арганізатараў культурна-відовішчных імпрэз, якім Мінкульт дазволіў весці афіцыйную дзейнасць. Але на сёння ніводнай згадкі пра яго там няма.

Агулам у спісе замест ранейшай інфармацыі пра арганізатараў з’явілася нямала пустых палёў, якія цяпер апісвае толькі адно слова «выключаны».

Мабільны нумар Аляксандра Манышава недасяжны, а ў месенджары ён быў актыўным апошні раз 21 ліпеня.