«За межамі дабра і зла. Людзі сядзяць ні за што, губляюць сваё здароўе»
«Турэмных анколагаў наўпрост няма!». «Салідарнасць» пагутарыла з лекарамі пра анкахворых беларускіх вязняў, узровень медыцынскай дапамогі і разрыў паміж законам і практыкай. А таксама – што «ўпіваецца» ў цела.
З беларускіх вязніц многія людзі выходзяць з падарваным здароўем. Але палітвязні — у асаблівай зоне рызыкі. Ім наўмысна ствараюць цяжкія ўмовы працу і побыту, пазбаўляюць неабходных рэчаў і лекаў, ігнаруюць патрэбы і нярэдка не аказваюць неабходнай меддапамогі. Не дзіва, што шмат у каго з іх за кратамі абвастраюцца хваробы, у тым ліку
«ніадкуль» узнікае анкалогія.
Анкахваробу выявілі ў экс-старшыні БНФ Рыгора Костусева, істотна пагоршыўся ў вязніца стан Ксеніі Луцкіной, блогер Вадзім Ермашук распавёў, што пасля калоніі ў яго знайшлі злаякасную меланому.
Анказахворванне выявілі ў Вікторыі Кульшы, станам на 2024 год яшчэ некалькі хворых палітвязняў заставаліся за кратамі.
І гэта толькі частка тых выпадкаў, пра якія нам вядома.
Ці ёсць звесткі, хаця б прыкладныя, колькі цяперашніх і былых палітвязняў хварэюць на анкалогію? На жаль, няма — і гэта, удакладняе лекар і праваабаронца, былы кіраўнік медслужбы Дэпартаменту выканання пакаранняў Васіль Завадскі, датычыць не толькі палітвязняў, а вязняў наогул. Сістэма МУС занадта закрытая.
Гэта было ўласціва ёй і да 2020 года, а цяпер толькі ўзмацняецца. Нельга дазнацца ні пра колькасць памерлых у вязніцах, ні пра колькасць хворых — і Мінздароўя, і МУС адмаўляюць са спасылкай на закон і «інфармацыю для службовага карыстання».
— Ці часта анкалогія «прачыналася» менавіта ў вязніцы, альбо хвароба ўжо драмала, а стрэс і ўмовы толькі пракавалі пагаршэнне?
— Падчас маёй працы ў сістэме за амаль 25 гадоў не было звестак, што захваральнасць на анкалогію неяк выразна адрозніваецца ў зняволеных і людзей на волі. Але я лічу, што праблема значна глыбейшая і патрабуе вывучэння.
Рэч у тым, тлумачыць лекар, што ў зняволенні большасць людзей — не сталага веку, да 55 год. І таму натуральна, у параўнанні з усім грамадствам захваральнасць можа выглядаць нават ніжэйшай. Аднак гэта зусім не сведчыць, што ў месцах пазбаўлення волі добрая сітуацыя.
Узяць умовы працы. У калоніі ў Барысаўскім раёне, распавядае суразмоўца «Салідарнасці», была вялікая вытворчасць, фактычна завод, у тым ліку зварка, праца з волавам і свінцом. Канцэнтрацыя аэразоляў у паветры, слабая вентыляцыя прыводзіла да таго, што хварэлі не толькі вязні, але і супрацоўнікі. У тым ліку і на анкалогію.
Іншая рэч, што праяўляецца тое далёка не адразу. Дый даследаванняў, якія засведчылі б прамую сувязь умоў працы і анказахворванняў вязняў, не было. І ўсё ж, мяркуе Васіль Завадскі, у ліку іншых фактараў гэты нельга скідваць з рахункаў.
«Зняволенне — не прычына раку, але вельмі сур’ёзны фактар рызыкі»
— Ці можам назваць сярод фактараў рызыкі тэрмін зняволення (чым ён большы, тым больш верагодныя хваробы) і стан турэмнай медыцыны — былыя вязні кажуць, гэта часта адсутнасць медычнай дапамогі?
— Так. І яшчэ дадамо стан хранічнага стрэсу, — гаворыць Васіль Завадскі.
Канешне, з цягам часу вязні адаптуюцца да любых умоў. Аднак мая гіпотэза, абгрунтаваная доўгімі назіраннямі, палягае ў тым, што ў хранічным стрэсе мабілізуюцца і абарончыя функцыі арганізму, але зрыў наступае тады, калі чалавек пазбаўляецца ўздзеяння негатыўных фактараў. У дадзеным выпадку — вызваляецца.
Не адзін раз фіксаваў: вызвалены праз пэўны час захварэў на сухоты.
— На жаль, няма такой статыстыкі па анкалогіі — былы вязень становіцца на ўлік у анкадыспансеры, і лекары пенітэнцыярнай сістэмы пра гэта не даведаюцца. Можна меркаваць, што нешта падобнае адбываецца і з іншымі хваробамі, у аснове якіх — парушэнне імунітэту. А імунітэт парушаецца, зноў жа, пад уплывам хранічнага стрэсу.
Адна з «цаглінак» стрэсавага стану, дадае Васіль Завадскі — пачуцці несправядліва асуджаных. Бо той, хто пакараны за рэальнае злачынства, нават калі адмаўляе віну на судзе, унутры ведае, што вінаваты, і ўспрымае пакаранне як справядлівае. А калі палітвязень ад пачатку ведае, што не вінаваты — зняволенне перажываецца значна цяжэй.
— Доўгатэрміновае зняволенне — гэта моцны хранічны стрэс, які ўплывае на ўсе сістэмы арганізма, у тым ліку на імунную, — згодная з калегам псіхолаг, былая дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Вялічка. — Калі чалавек доўга жыве ў стане пастаяннай трывогі, без апоры, без кантролю над жыццём, гэта стварае ўмовы, у якіх анкалагічныя працэсы могуць развівацца хутчэй.
Зняволенне — не прычына раку, але вельмі сур’ёзны фактар рызыкі.
Фота: hrodna.life
Менавіта таму прафілактыка і ранняя дыягностыка за кратамі мусяць быць не проста на адным узроўні з воляй, але больш высокімі.
Сітуацыя ж з палітзняволенымі выглядае за межамі дабра і зла. Людзі сядзяць ні за што, губляюць сваё здароўе. Узровень стрэсу ў іх большы, чым у іншых. Некаторых з іх трымае тое, што дома чакаюць. Хтосьці жыве праз злосць вытрымаць і выстаяць. Але ж менавіта гэтыя эмоцыі і з'яўляюцца правакуючымі анкалогію.
Механізм псіхасаматыкі за кратамі выглядае так. Чалавек трапляе ў стан, дзе ўсё — ад прасторы і руху да ежы і камунікацыі — кантралюецца. Ён жыве ў рэжыме нявызначанасці, пагрозы і пастаяннага нагляду.
Гэта запускае стрэсавае рэагаванне арганізму: падвышаецца ўзровень картызолу і адрэналіну, сардэчна-сасудзістая сістэма працуе на мяжы, парушаецца сон, псуецца страваванне. Імунітэт слабее, абвастраюцца хранічныя хваробы, з’яўляюцца новыя.
Эмацыйная ізаляцыя, бяссілле, страх, гнеў, боль — усё гэта не проста перажываецца, а «ўпіваецца» ў цела. Калі няма магчымасці выказаць эмоцыі — яны захоўваюцца ўнутры.
І гэтая ўнутраная напружанасць можа праяўляцца праз цела: праз панічныя атакі, галаўны боль, праблемы з сэрцам, дыханнем, скурныя захворванні, парушэнні менструальнага цыклу, праблемы са шчытападобнай залозай. І нават анкалогію.
Тое, што за кратамі часам трымае чалавека «на плаву» — надзея, злосць, любоў да дзяцей, жаданне выжыць і даказаць, — у пэўны момант можа стаць тым самым напружаннем, якое цела ўжо не вытрымлівае.
«Нярэдкія выпадкі, калі рак дыягнастуюць ужо на позняй стадыі»
— Ці існуе пратакол: калі ў чалавека ў калоніі, СІЗА дыягнаставалі рак, то як мусяць дзейнічаць лекары ў пенітэнцыярнай сістэме?
— Вельмі сумняваюся, — зазначае Васіль Завадскі, — што лекары ў пенітэнцыярнай сістэме ўвогуле знаёмыя з пратаколамі па анкалогіі (дакументамі, на базе якіх мусіць быць арганізаваны лячэбны, дыягнастычны і нават прафілактычны працэс).
А турэмных анколагаў наўпрост няма! Хто працуе ў калоніі — тэрапеўты, псіхіятры, нарколагі. Патрабаваць ад іх спецыфічных ведаў анкапратаколу дзіўна.
Механізм такі: калі ў вязня дыягнастуюць анкалогію (як правіла, гэта робіцца не ў калоніі, хіба што ёсць відавочная пухліна ці рэнтгенолаг нешта бачыць) — яго адпраўляюць у рэспубліканскі шпіталь для зняволеных. І ўжо там праводзяць нейкія дадатковыя абследаванні ці вывозяць дзеля іх у грамадзянскі шпіталь.
2024 год. У Оршы (ВК-12) адкрылі абноўлены рэспубліканскі шпіталь для асуджаных. Як заявіў міністр Кубракоў, «яшчэ адзін крок насустрач людзям, якія аступіліся». Фота з тэлеграм-каналу МУС
Але тое ў тэорыі. На практыцы гэта ўскладняецца недахопам канвояў, увогуле адсутнасцю да нядаўняга часу рэспубліканскага шпіталя для вязняў, чалавечым фактарам і гэтак далей.
Таму, на жаль, нярэдкія выпадкі, калі рак дыягнастуюць ужо на позняй стадыі.
Урач гінеколаг-анколаг Станіслаў Салавей зазначае: рак, які быў у палітзняволенай Ганны Кандраценкі, мусіў быць выяўлены візуальна — то бок, без асаблівых складанасцяў яшчэ на ранняй стадыі, калі ён добра паддаецца лекаванню. І ён не ўзнікае за тыдзень, а развіваецца гадамі.
«Чаму хвароба не была дыягнаставана раней і не было пачата своечасовае лячэнне? Адмазка, што яна сама не ішла да доктара, не праходзіць — Ганна знаходзілася ў пенітэнцыярнай сістэме, а агляд гінеколага мусіў праходзіць штогод», — падкрэслівае медык.
Нагадаем, Ганну не вызвалілі, нават ведаючы пра рак — а на волі яна прабыла ўсяго паўгода і не дажыла да свайго 40-годдзя.
Ганна Кандраценка памерла 5 лютага 2025 года
— Урачы за праўду і справядлівасць ладзілі некалькі даследаванняў пра стан медыцыны ў вязніцах. Што высветлілі: ці змяняецца стаўленне турэмшчыкаў, калі ў знвяоленага выяўлены рак, ці палягчаюць працу, альбо толькі даюць крыху лепшую ежу?
— Як правіла, стаўленне да вязня, у якога сур’ёзны дыягназ, усё ж мяняецца.
Па-першае, паводле закону ён атрымлівае іншае харчаванне (яго нельга назваць дыетычным з медычнага гледзішча, але прынамсі яно лепшае, чым звычайнае).
Па-другое, трэба выконваць рэкамендацыі анколагаў, кантраляваць, накіроўваць зноў у шпіталь пры неабходнасці.
Але насамрэч у Беларусі сёння анколагі ёсць далёка не ў кожным райцэнтры — гэта вядзе да таго, што ў перыферыйнай калоніі знайсці лекара ці давезці да яго хворага вельмі складана. Этапаванне ж вязняў — мы ведаем, у якіх умовах адбываецца, асабліва «палітычных»: дагэтуль іх вязуць у «сталыпінскіх» вагонах, суткамі не здымаючы кайданкі.
Для жанчын увогуле рэспубліканскага шпіталя няма. Гэта значыць, для іх мусяць шукаць урачоў на месцах. І мяне вельмі трывожыць сітуацыя з калоніяй у Зарэччы — ці наладжаны там нейкі кантакт з грамадзянскімі лекарамі, ці не?
Вольга Вялічка дадае: адно з парушэнняў, пра якое часта расказваюць былыя палітвязынкі — у жаночай калоніі цалкам адсутнічае ранняя дыягностыка раку малочных залоз.
— Ніводная з апытаных намі жанчын не сказала, што за час зняволення была праведзена элементарная пальпацыя, не кажучы пра УГД ці мамаграфію. Гэты прыклад паказвае, што існуе няроўны доступ да праграм захавання здароўя насельніцтва.
Што трэба змяніць? «Як мінімум, не саджаць за краты невінаватых людзей»
Зразумела, што вязніцы ў Беларусі будуць пры любым рэжыме, і людзі будуць у іх трапляць — але стаўленне да вязняў не мусіць быць спосабам катавання. На які досвед магла б арыентавацца наша краіна?
Васіль Завадскі прыводзіць красамоўнае параўнанне: у Беларусі, паводле звестак за 2015 год (апошнія дасяжныя аб’ектыўныя лічбы), сярэдні тэрмін зняволення складаў 5,5 гадоў. Пасля гэтага, як мы помнім, заканадаўства рабілася толькі больш жорсткім, а тэрміны павялічваліся.
У Заходняй Еўропе сітуацыя іншая.
У Нарвегіі сярэдні тэрмін зняволення — 11 месяцаў!
У Швецыі, параўнальнай з намі па насельніцтву, большасць вязняў мае тэрміны да 1 года. Пры тым зняволеных там — каля 11 і 6 тысяч чалавек адпаведна.
У Беларусі ж толькі афіцыйна — звыш 30 тысяч, без уліку СІЗА і ЛПП.
— Як бачым, нам ёсць, куды імкнуцца. Як мінімум, не саджаць за краты невінаватых людзей, перагледзець тэрміны зняволення за негвалтоўныя злачынствы.
У медыцынскім аспекце — выконваць тое, што прадпісвае закон, у ідэале — каб за здароўе вязняў адказвала міністэрства аховы здароўя, а не міністэрства ўнутраных спраў, — рэзюмуе лекар і праваабаронца.
На справе ж — маем тое, што маем. Плюс поўнае нежаданне Мінздароўя кантраляваць пенітэнцыярную сістэму, чыноўнікі не ведаюць і не хочуць ведаць, што адбываецца «там», за кратамі.
Нават на сайце ведамства дагэтуль вісіць старая інструкцыя (прынятая сумесна з МУС) датычна медыцынскай дапамогі ў зняволенні — хоць дэ-юрэ яна ўжо адмененая і прынятая новая.