ІншыЯ распавядаюць тры гісторыі пераследу. Плюс – што рабіць, калі вы сутыкнуліся са сталкінгам?
Ілюстратыўны здымак
Сталкінг — гэта калі тваё жыццё пачынае нагадваць трылер. Калі за табой не проста назіраюць, а сілком уцягваюць у чужую гісторыю, дзе ты не хочаш быць гераіняй.
Спачатку ты тлумачыш гэта праявай сяброўства ці простай цікавасці, але потым адчуваеш толькі страх. І не важна, знаёмыя вы ўсё жыццё ці сустрэліся нядаўна — вынік заўсёды адзін: гэта гвалт, які ламае межы.
У гэтым артыкуле — тры гісторыі дзяўчат, якія сутыкнуліся з пераследам. Некаторыя з апісаных падзей могуць здацца вам бяскрыўднымі, але за гэтай псеўдарамантычнасцю — разбуральны досвед, страх і заўсёднае пытанне: «А я ў бяспецы?»
Жэня: «Ён ствараў новыя акаўнты і пісаў зноў і зноў — цэлы струмень хаатычных гнеўных паведамленняў»
Гэтая гісторыя пачалася мінулым летам і, на жаль, доўжыцца дагэтуль. Я была ў Італіі па працы і ў карціннай галерэі пазнаёмілася з хлопцам. Ён прапанаваў увечары выпіць у бары, і я вырашыла не адмаўляцца — прыехала адна, у горадзе нікога не ведала, а гэта было хоць нейкай забавай. Мы сустрэліся ўвечары, прагуляліся, а потым я з’ехала дадому, у Прагу.
Мы зрэдку перапісваліся — у асноўным пра мастацтва і культуру. Гэты малады чалавек па прафесіі філосаф і выкладчык. Нашыя дачыненні былі нязмушанымі і цалкам сяброўскімі.
У канцы лета ў мяне пачаліся адносіны, я перастала быць свабоднай. Я напісала пра гэта таму хлопцу з Італіі — была ўпэўненая, што мы проста добрыя знаёмыя, і яму варта ведаць пра змены ў маім жыцці. Ён адрэагаваў спакойна, сказаў, што рады за мяне. Але чамусьці пачаў пісаць кожны дзень. Яго паведамленні па-ранейшаму былі пра кнігі, фільмы, музыку, але сталі занадта рэгулярнымі. Тады я не надала гэтаму належнай увагі.
Мінула колькі месяцаў. Мы працягвалі камунікаваць, і я сказала яму, што мае адносіны сталі больш сур’ёзнымі: мы вырашылі з’ехацца. Мне трэба было пераехаць з Прагі ў Рыгу — туды, дзе жыве мой малады чалавек. А літаральна праз пару тыдняў ён піша: «Я хутка прыеду ў Прагу, мы зможам пабачыцца?»
Тады мне падалося, што нічога страшнага ў гэтым няма: чалавек хоча паглядзець Чэхію, чаму б не выпіць кавы і не паказаць яму колькі прыгожых мясцінаў?
Ён прыехаў на тыдзень, мы бачыліся некалькі разоў. А проста перад ад’ездам ён прызнаўся ў каханні і сказаў, што хоча быць са мной. Я была ў шоку — я неаднаразова казала, што знаходжуся ў стасунках, а нашы зносіны — толькі сяброўскія.
Мне было страшна адмаўляць яму рэзка: я наіўна пераймалася, што чалавек прыехаў, прызнаўся ў пачуццях, а я яго груба адшываю. Таму я мякка данесла думку, што паважаю яго пачуцці, але ў нас нічога быць не можа. Пасля гэтага нашыя перапіскі сталі халоднымі з майго боку. Яго прызнанне змяніла маё стаўленне — зносіны сталі мяне абцяжарваць.
Праз месяц ён зноў прыехаў у Прагу. Гэтым разам проста даслаў фота знаёмага мне месца і напісаў: «Я прыехаў, давай сустрэнемся». Мяне ахапіў страх — няўжо ён не пачуў тое, што я сказала мінулым разам? Нашая сустрэча была нервовай. Я прама сказала, што гэта ненармальна і я не хачу працягваць гэтыя дзіўныя сустрэчы, да якіх я не была гатовая і якіх зусім не хацела.
Але на мяне нібы ціснулі: маўляў, ён прыехаў з іншай краіны, проста хоча выпіць кавы, што тут такога?
Самае цікавае — ён прыехаў роўна за тыдзень да майго ад’езду ў Латвію, хоць ведаў пра гэта. Пачаў пераконваць мяне, што я раблю памылку, што мне не варта пераязджаць.
Тады я канчаткова зразумела, што гэта нешта нездаровае, і вырашыла спыніць з ім не толькі сустрэчы, але і перапіску. У мяне не хапіла сіл сказаць пра гэта адкрыта, таму я абрала тактыку ігнаравання: адказвала смайлікамі ці зусім не адказвала.
Я перабралася ў Рыгу. На ягоныя паведамленні альбо адказвала суха, альбо не рэагавала. Праз нейкі час ён напісаў: «Бачу, ты не моцна хочаш мець зносіны?» Я адказала: «Так, радая, што ты сам спытаў. Я не хачу працягваць зносіны: ты моцна ціснуў на мяне, навязваў свае пачуцці — зараз я сапраўды не хачу працягваць гэтую дзіўную камунікацыю».
Ён адказаў спакойна, але на наступны дзень даслаў велізарнае гнеўнае паведамленне пра тое, якая я дрэнная, што ён меў іншае меркаванне пра мяне, а я тупая і бессардэчная. Я заблакавала яго і вырашыла, што гісторыя скончылася.
Але ён пачаў пісаць мне ў іншых сацсетках — з пагрозамі і маніпуляцыямі.
Яго галоўным пытаннем было: «Чаму ты не хочаш са мной размаўляць? Што я такога зрабіў?» Мае спробы растлумачыць, што мяне палохае ягоная настойлівасць, прыезды ў Прагу, ігнараванне майго статусу ў адносінах, ціск і спробы ўмяшацца ў маё жыццё, не мелі поспеху. Ён ствараў новыя акаўнты і пісаў зноў і зноў — цэлым струменем хаатычных гнеўных паведамленняў.
Калі я заблакавала каля 10-13 яго новых акаўнтаў, усё сціхла. Але гэта было зацішша перад бураю: ён прыехаў у Латвію і напісаў: «Вітаю, я ў Рызе, давай сустрэнемся». Мне стала страшна — я зразумела, што маю справу з псіхічна нестабільным чалавекам. Я адказала, што сустракацца не буду, як ужо пісала раней, і што маё рашэнне не змянілася. Мне не хочацца размаўляць і сустракацца, у Рыгу я яго не запрашала. Яго гэта, вядома, не задаволіла: ён зноў стварыў новы акаўнт і напісаў з яго.
Мне давялося закрыць усе свае старонкі ў сацсетках і абмежаваць магчымасць пісаць мне паведамленні, каб гэта маглі зрабіць толькі тыя, хто на мяне падпісаны.
Гэты жах не заканчваецца дасюль: амаль кожны тыдзень я атрымліваю новы запыт на падпіску ад яго.
Фізічна ён ніяк мяне не турбуе, але мяне палохае сам факт таго, што колькі б я ні прасіла пакінуць мяне ў спакоі, ён працягвае ігнараваць мае просьбы. Я пачынаю дрыжаць кожны раз, калі бачу ягонае імя ў заяўках на падпіску.
Юлія: «Ён вылічыў, дзе я жыву. Я прыязджаю дадому, і на маім парковачным месцы стаіць незнаёмая машына. Я падыходжу — гэта ён»
Усё пачалося досць банальна — ён прыйшоў да мяне на прыём у клініку, дзе я тады працавала. Кансультацыя была пашыраная, мы бачыліся двойчы, і ў цэлым я яго запомніла. На гэтым усё, я не ўспрымала гэта як нешта асаблівае.
Амаль праз год ён нечакана напісаў — нешта накшталт «вітаю». Я яго памятала, і на той момант не ўбачыла ў гэтым нічога дзіўнага — пагутарылі крыху, сустрэліся выпіць кавы. Гэта была адзіная сустрэча за межамі кабінета: лёгкі шпацыр і размова. Нічога больш.
І тут — фраза, якая імгненна ўключыла трывогу: «Я заўсёды глядзеў, калі ты анлайн у WhatsApp. Засынаў толькі пасля таго, як бачыў, што ты выйшла з сеткі». Ужо тады мне стала нядобра.
Потым пачалася дзіўная рэўнасць — без аніякіх падстаў, бо між намі нічога не было. Проста чалавек раптоўна пачаў паводзіць сябе так, быццам я нешта яму вінная.
А потым — кульмінацыя. Ён вылічыў, дзе я жыву. Я прыязджаю дадому, а на маім месцы на паркінгу стаіць незнаёмая машына. Я падыходжу — гэта ён. Проста стаіць. Мне стала страшна. Добра, што ў той момант я размаўляла з сяброўкай па гучнай сувязі — адразу паведаміла ёй, што адбываецца. Я тады яшчэ жыла з бацькамі, але хутка пасля гэтага пераехала.
Пасля той сустрэчы я яго больш не бачыла, але ён працягваў пісаць. З іншых нумароў, праз сацсеткі. Спачатку — нібыта з выбачэннямі. Потым — са спробамі зноў пачаць зносіны. Нават праз некалькі гадоў, у 2020-м ці 2021-м, ён напісаў: «З Новым годам!» Я ветліва адказала, але гэта было памылкай — адразу ў адказ «Як справы?», і я зноў яго заблакавала.
Апошні раз ён пісаў нешта такое: «Юля, толькі не блакуй». Але, вядома, я заблакавала.
Бо сталкінг — гэта не пра «ўвагу» ці «каханне». Гэта пра парушэнне межаў, страх і ўнутранае напружанне. І я выдатна разумею пачуцці ўсіх, хто з гэтым сутыкаўся: гэта раздражняе, знясільвае, злуе і часам па-сапраўднаму палохае. І так — з гэтым нельга заставацца сам-насам.
Саша: «Мама замілоўвалася, а я адчувала жах»
Я звычайна расказваю гэтую гісторыю ўжо праз смех — яна адбылася ў пятым класе. Але ўсё пачалося яшчэ ў чацвёртым. Адзін хлопчык пачаў праяўляць да мяне ўвагу. Але рабіў гэта так, што мне было непрыемна.
Я жыла блізка ад школы, пяць хвілін хады, яе было відаць проста з нашага балкона. І кожны дзень ён з сябрам ішоў за мною да дома. За колькі метраў ззаду ад мяне. Па дарозе мяне білі па заплечніку, штурхалі, абзываліся, насміхаліся.
Мне было страшна. Я палохалася, але не ведала, што рабіць. Любыя мае рэакцыі толькі заахвочвалі іх. У той момант я не разумела, што падабаюся яму. Мне здавалася, што мяне проста дражняць. І кожны раз я з палёгкай уздыхала, калі заўважала побач іншага хлопчыка — хулігана, які мог іх прыструніць. Дарога да дома займала ўсяго пяць хвілін, але здавалася вечнасцю.
Калі я расказвала пра гэта бацькам, то ў адказ чула фразы накшталт: «Хто каго чубіць, той таго і любіць», «Ён проста ў цябе закахаўся». Мне гэта не дапамагала. Я заставалася сам-насам са сваім страхам.
Потым пачаліся летнія вакацыі — я радавалася, што не ўбачу яго. Але ён усё роўна часам з’яўляўся ў двары. Потым я з’ехала на два месяцы ў Бельгію па школьнай праграме — гэта было выратаваннем. Калі вярнулася, мама ўручыла мне ліст ад яго. Я нават не захацела яго чытаць.
Потым я перайшла ў іншы клас і вучылася ў другую змену. Але ён не адставаў: тэлефанаваў на хатні тэлефон. Спачатку проста маўчаў у слухаўку. Пасля нешта мармытаў. Мне было страшна. Я баялася браць слухаўку, але не магла не браць — раптам мама тэлефануе ці яшчэ нехта з важнай справай.
На 8 Сакавіка ён даслаў паштоўку: на ёй быў мілы каток і подпіс — «Я цябе кахаю. Будзеш са мной сустракацца? Так/Не». Паштоўка была напісаная акуратным жаночым почыркам — думаю, ягонай старэйшай сястрой. Мама замілоўвалася, а я адчувала жах. Праз некалькі дзён я парвала гэтую паштоўку.
Ён працягваў тэлефанаваць. Аднойчы ў трубцы пачула голас яго старэйшага сябра: «Чаму ты не хочаш з ім сустракацца?» Я плакала і спрабавала растлумачыць — казала, што ён ніжэйшы за мяне, меншы… Але галоўнае — я проста не хацела, нібы маё «не» як быццам не было істотнай нагодай. Ніякія тлумачэнні яго не задавальнялі. У нейкі момант сябар сарваўся, абмацюкаў мяне, абразіў і кінуў слухаўку.
І я тады ўпершыню адчула дзіўную палёгку. Лёгкасць. Хоць усю ноч мяне трэсла, я ўсё роўна ведала: гэта канец. Ён больш мяне не чапаў.
Тады ў маленстве я так і не зразумела, што адбывалася. Мяне запэўнівалі, што гэта была «закаханасць», а я адчувала страх і паніку. І гэтае адчуванне — што ты мусіш радавацца ўвазе, нават калі яна палохае і робіць балюча, — засталося са мною надоўга.
Думаю, гэта паўплывала на маё дарослае жыццё. Я доўга не магла давяраць людзям. Цяжка было паверыць, што нехта можа ставіцца да мяне добра. Складана было збліжацца. І толькі цяпер, праз гады, я магу па-сапраўднаму пашкадаваць тую маленькую дзяўчынку — спалоханую, разгубленую, пакінутую сам-насам са сваім страхам.
Што рабіць, калі вы сутыкнуліся са сталкінгам?
Адказвае псіхалагіня Тамара Варанько, якая кансультуе ў інтэгратыўным падыходзе.
1. Не бярыце на сябе ўсёй адказнасці за тое, што адбываецца, — памятайце, што ў такіх сітуацыях адказнасць заўсёды на тым, хто пераследуе.
Пачуццё віны ў такіх сітуацыях — часты спадарожнік, бо здаецца, што гэта можна было прадухіліць, нешта зрабіць іначай. Пачуццё віны — гэта нармальная, але зманлівая эмоцыя. Памятайце, што сталкінг заўсёды адбываецца супраць волі ахвяры, і ніхто не можа кантраляваць паводзіны іншага чалавека.
2. Не заставайцеся з гэтай сітуацыяй сам-насам і звяртайцеся па падтрымку — да блізкіх, у праваахоўныя органы або ў арганізацыі, якія даюць псіхалагічную або юрыдычную дапамогу.
Можа здавацца, што гэта складана або недарэчна, асабліва калі сталкер пагражае, цісне на пачуццё віны ці маніпулюе. Аднак менавіта гэты крок крытычна важны для таго, каб вярнуць сабе адчуванне бяспекі, адчуць апірышча, лепш зразумець свае правы і магчымыя шляхі абароны.
3. Не адмаўляйцеся ад свайго жыцця.
Не варта цалкам пераробліваць усю сваю рэчаіснасць пад страх: захоўвайце звыклую руціну, працягвайце займацца сваімі справамі, заставайцеся ў кантакце з блізкімі і падтрымлівайце звыклы лад жыцця. Гэта дапамагае захаваць адчуванне кантролю і падтрымліваць псіхалагічную ўстойлівасць.
Псіхалагічная абарона гэта не супрацьстаянне сталкеру — менавіта на вашу рэакцыю ён і разлічвае, — а клопат пра сябе і захаванне ўнутранага балансу. Вельмі важна не занурвацца ў сябе, не пазбягаць зносін з блізкімі, не адмяжоўвацца ад падтрымкі.
4. Мінімізуйце любы кантакт.
Калі гаворка вядзецца пра анлайн-пераслед, важна заблакаваць сталкера ва ўсіх сацыяльных сетках і пры магчымасці часова закрыць або схаваць свае акаўнты. Чым менш падстаў для ўвагі — новых публікацый, сторыз, нагадванняў — тым лепш.
Калі пераслед адбываецца ў рэальным жыцці, варта заставацца ўважлівым і пры магчымасці адсочваць залежнасці: дзе і калі найчасцей узнікае пераслед.
5. Фіксуйце тое, што адбываецца.
Гэта можа быць эмацыйна няпроста, але захаванне скрыншотаў перапісак, каментароў, адзнак лайкаў, а таксама фіксацыя сустрэч з пазнакай часу, даты і месца могуць адыграць вырашальную ролю пры звароце да праваахоўнікаў або ў іншыя інстанцыі. Пры магчымасці збірайце фота- або відэадоказы.
6. Дайце сабе час на аднаўленне.
Страх зносін, страта даверу да новых людзей — натуральныя рэакцыі на траўму. Тут вельмі важна рухацца ва ўласным тэмпе, не патрабаваць ад сябе неадкладнага вяртання да ранейшай актыўнасці. Нават маленькія крокі — напрыклад, магчымасць спакойна выйсці ў краму або сустрэцца з сябрамі — з’яўляюцца важнымі дасягненнямі.
У працэсе аднаўлення мы працуем з эмоцыямі, аднаўляем самаацэнку, вучымся нанова бачыць і адстойваць свае межы. Разуменне ўласных межаў і ўменне іх акрэсліваць робяцца падмуркам для пачуцця бяспекі і кантролю над сваім жыццём. Калі раней узнікала пачуццё віны праз тое, што, магчыма, дазволілі камусьці занадта шмат, — важна трансфармаваць гэта ва ўсвядомленую працу над сваімі асабістымі межамі ў будучыні.
Самае галоўнае — памятаць, што на аднаўленне можа пайсці столькі часу, колькі трэба менавіта вам. І калі ў нейкі момант вам стане цяжка, заўсёды можна звярнуцца па падтрымку, каб прайсці гэты шлях разам з тымі, хто гатовы дапамагчы.