Варакса: «Усім нашым настаўнікам мы зрабілі прыватную медыцынскую страхоўку»

Былы дырэктар ліцэя БДУ Ігар Варакса — пра страчаную павагу да педагога і вопыт іншай краіны.

Ігар Варакса

— Мне хацелася зрабіць, каб настаўнік стаў больш паважаным, — падзяліўся Ігар Варакса на канале ТОК. — Усё-такі, калі мы кажам пра ўмоўныя 90-я, яшчэ з савецкага перыяду да настаўніка ставіліся з павагай.

Але пасля гэта патроху сышло. Ну хто такія настаўнікі — зарабляюць не так шмат, працуюць за капейкі, але адпачынак у іх два месяцы.

А потым яшчэ з’яўляюцца розныя іншыя патрабаванні да іх у сістэме адукацыі, потым мусіш запаўняць па дзесяць розных паперак. Усё гэта накладвалася.

Але мне падаецца, што настаўнік — гэта такая постаць, якая вартая павагі ў грамадстве.

Таму адпаведна, калі стаў дырэктарам, падумаў, што я магу зрабіць для настаўнікаў. І з таго, што я спрабаваў і зрабіў, — гэта тое, што ўсім нашым настаўнікам, асабліва класным кіраўнікам, якім цяжэй за ўсё працуецца, мы зрабілі прыватную медыцынскую страхоўку.

Нідзе ў школах такога не было, нават у БДУ не было.

Разважаючы пра статус настаўніка ў грамадстве, Варакса прывёў прыклад Фінляндыі.

— Ёсць краіны, дзе статус настаўніка больш высокі. Я пазнаёміўся з прыкладам Фінляндыі. Там, каб стаць настаўнікам, ты мусіш не толькі прайсці праз вышэйшую адукацыю, але і абавязкова абараніць магістарскую дысертацыю.

У іх у культуры ставяцца да педагогаў з вялікай павагай. Гэта прыводзіць да таго, што сама нацыя цэніць сваіх педагогаў.

Аднойчы да міністэрства адукацыі Беларусі прыязджала дэлегацыя з Фінляндыі. У ёй сярод іншых былі міністр і яго памочнік — малады хлопец гадоў 20.

У яго запыталі, як такі малады чалавек стаў памочнікам міністра, бо гэта ж такі статус.

І гэты хлопец кажа: «Я, канешне, хацеў паступіць на педагога, але не хапіла балаў, таму цяпер працую памочнікам міністра. Можа, на наступны год пашчасціць і я стану педагогам».

Вось такое рознае стаўленне ў нас і ў іх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)