«Сітуацыю Ціханоўскага цяпер можна параўнаць з сітуацыяй Міколы Статкевіча, калі яго выпусцілі з турмы ў 2015-м»

Гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч – пра вызваленне Сяргея Ціханоўскага і перспектывы яго дзейнасці.

– Самому вызваленню я безумоўна рады і ўсцешаны, што Ціханоўскі, як многія асцерагаліся, не настроены з парога ўносіць разброд і шатанні ў дэмакратычны рух, прынамсі свядома, – піша Пашкевіч. – Але адносна перспектыў крыху трывожна, бо маю сумневы не адносна ягоных асабістых добрых намераў, а адносна таго, што цяпер у асяроддзі беларускай эміграцыі ў цяперашніх канкрэтных умовах ёсць рэальная ніша для дзеячоў такога кшталту.

У чацвярговым выступленні ў Варшаве ў прамовах Ціханоўскага выразна гучалі мабілізацыйныя ноткі – маўляў, я буду змагацца, я звалю рэжым, нічога не баюся і вы не бойцеся, мне патрэбна падтрымка – ідзіце за мной.

Нямала, дарэчы, апазіцыянераў у дэмакратычным асяродку і раней наракалі, што трэба дзейнічаць больш рашуча, усім аб'ядноўвацца і пачынаць нешта рабіць – маючы на ўвазе, што той жа Офіс Ціханоўскай нічога не робіць з таго, што трэба рабіць.

І вось тут Сяргей Ціханоўскі як бы рашуча настроены ўсіх, хто прагне «сапраўднай дзейнасці», пастроіць у калоны і кудысьці павесці. Пытанне толькі – куды?

Я асабіста не ўпэўнены ў тым, што беларуская дэмакратычная супольнасць у цяперашніх умовах патрабуе менавіта мабілізацыі, менавіта дзеячаў напорыстага, тараннага тыпу. Так, гэта вельмі пажадана пад нейкую канкрэтную кампанію – ці то выбары, ці то штурм рэйхстага, ці то нешта яшчэ, зразумелае і бачнае на гарызонце.

Іншымі словамі – наяўнасць такіх лідараў крытычна важная тады, калі на нейкі, часцей за ўсё непрацяглы час адчыняецца акно магчымасцяў і важна з яго скарыстацца. Але пры цяперашнім нашым марафоне гэтае акно недзе ў далёкім тумане, а таму і любая мабілізацыя супольнасці нічога па сутнасці не дае.

Ну, для таго, каб пакрычаць радыкальныя лозунгі недзе ў Польшчы ці Літве адзін ці два разы натоўп пад уплывам харызмы Ціханоўскага мо і збярэцца, але ж далейшай праграмы дзеянняў для гэтага натоўпу наўрад ці прыдумаеш.

І ў выніку будзе толькі расчараванне. Бо сітуацыя цяпер такая, што напорам нічога не возьмеш, на эміграцыі цэніцца перадусім мазольная і сістэмная, інстытуцыйная праца.

А спрабаваць падымаць некага ў Беларусі пры цяперашнім забетанаванні ўсёй прасторы не толькі бесперспектыўна, але і ўвогуле шкодна.

Неадназначныя перспектывы і запланаванай медыяактыўнасці Ціханоўскага. У ранейшым фармаце яна цяпер цалкам нерэалістычная, бо няма магчымасці не толькі самому ездзіць па краіне і камунікаваць з людзьмі, але і атрымліваць рэгулярную інфу адтуль, а галоўнае – паўнавартасна яе выкарыстоўваць, каб нікога не падстаўляць.

Нейкія ж проста баявыя лісткі без эксклюзіваў наўрад ці будуць доўга ў топах, тым больш што такога дабра і так у нас хапае. Кіраваць жа актыўнасць у гэтым кірунку на эміграцыйныя разборкі – таксама шлях у нікуды, прыклад Сяргея Пятрухіна таму сведчанне.

Сітуацыю Ціханоўскага цяпер, мне здаецца, можна параўнаць з сітуацыяй Міколы Статкевіча, калі яго выпусцілі з турмы ў 2015 годзе. Які ён сам тады быў энергічны і ўзнёслы, якія на яго былі спадзяванні, што вось вярнуўся ў супольнасць чалавек з вялікім маральным аўтарытэтам, яму і карты ў рукі. І сам ён запэўніваў, што мае планы і ведае, што рабіць.

Але ж урэшце нічога не рэалізавалася, узначаліў Статкевіч дробную радыкальную групу, якая рэгулярна ладзіла нейкія дробныя вулічныя выступленні, хутчэй падобныя да акцый адчаю – ды і ўсё на гэтым.

Праз паўгода ніхто ўжо са Статкевічам ніякіх спадзеваў не звязваў, ставіліся як і да іншых апазіцыйных лідараў. І справа не ў ім як такім па сутнасці была, а проста ў агульнай адсутнасці рэвалюцыйнай сітуацыі, таго самага акна магчымасцяў.

Смеласць, самаахвярнасць і напорыстасць – важныя рысы, але але не ў кожных абставінах, а толькі ў бурапенных. У часы ж застою і нявызначанасці цэняцца іншыя якасці.

Таму паглядзім, што будзе, калі пройдзе нейкі час і эйфарыя спадзе. Прыклад Ціханоўскай сведчыць пра тое, што часам чалавек можа зусім неспадзявана раскрыцца з таго боку, якога ад яго ніяк не чакаеш.

Яна якраз даказала, што цуды часам здараюцца. То хто ведае, можа ў іх у сям'і не адна яна такая. Пабачым, карацей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)