Вось мы думаем, што ў інкамунікада сядзіць толькі вядомыя палітвязьні — Марыя Калесьнікава, Павел Севярынец, Віктар Бабарыка. А насамрэч ёсьць некалькі людзей, малавядомых грамадзтву, якіх таксама трымаюць у рэжыме інкамунікада.
Шрайбман: «Ёсьць некалькі людзей, малавядомых грамадзтву, якіх таксама трымаюць у рэжыме інкамунікада»
У праграме ПіК Свабоды палітычны аналітык Арцём Шрайбман прааналізаваў наступствы сканчэньня тэрміну даўніны паводле артыкулу 342 КК, а таксама пракамэнтаваў статыстыку колькасьці палітвязьняў за кратамі, якую вядзе праваабарончая супольнасьць.
— Сканчаецца 5-гадовы тэрмін даўніны прыцягненьня да адказнасьці за ўдзел у пратэстах паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Некалькі справаў ужо закрылі.
Зь іншага боку некаторым людзям мяняюць гэты артыкул абвінавачваньня на больш жорсткі 293-ці «Масавыя беспарадкі». Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», з палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі на пачатак кастрычніка, 60% асуджаныя па 342-м артыкуле, 23% — па 293-м артыкуле.
Ня тое, каб усе справы па 342-м закрылі. Але і ня тое, каб усім перакваліфікоўваюць на 293-ці. Што азначае гэты разнабой, дзеяньні супрацьлеглага накірунку? Дзе ж славуты беларускі парадак?
— Беларускі суд, як самы сумленны суд у сьвеце, глядзіць на ўсе абставіны справы і не выносіць неабгрунтаваных рашэньняў. Гэта жарт, зразумела, але ў жарце ёсьць доля праўды.
У тым сэнсе, што заўсёды была дыфэрэнцыяцыя ў рэпрэсіях. Наколькі я памятаю, больш за 50% асуджаных паводле артыкулу 342 атрымлівалі «хатнюю хімію». Прыкладна 20% па гэтым артыкуле атрымлівалі проста «хімію». І каля траціны — калёнію.
Паводле якой прыкметы адбывалася гэтая дыфэрэнцыяцыя? Я думаю, што ёсьць індыкатары, якія ўжываюць суды — пол, першае затрыманьне ці паўторнае, наяўнасьць ці адсутнасьць нейкіх іншых абвінавачаньняў. Такая ж дыфэрэнцыяцыя ёсьць на ўсіх узроўнях, такая ж дыфэрэнцыяцыя і сярод палітвязьняў. Камусьці падаўжаюць тэрміны паводле артыкулу аб непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі, кагосьці паўторна не саджаюць.
Ёсьць дыфэрэнцыяцыя і па інкамунікада.
У рэжыма ёсьць свае ўнутраныя крытэры жорсткасьці рэпрэсій з пункту гледжаньня шкоднасьці, небясьпекі, непрымірымасьці таго ці іншага чалавека, да якога гэтыя рэпрэсіі ўжываюць.
З тэрмінам даўніны паводле артыкулу 342 — тое ж самае. Тэрмін даўніны ў 5 гадоў прайшоў для тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах у жніўні-верасні 2020 года. Калі яны трапляюць у рукі сілавікоў, то глядзяць — гэта чалавек непрымірымы, яго трэба пакараць, пасадзіць, ці можна яго ўжо і адпусьціць і справу спыніць.
Але нават калі прыцягнутых да адказнасьці паводле 342-га артыкулу адпускаюць, іх усё роўна ставяць на ўлік як «экстрэмістаў», нягледзячы на спыненьне справы.
І яны атрымліваюць усе праблемы, зьвязаныя з жыцьцём у Беларусі ў статусе «экстрэміста». Я б тут не казаў пра гуманізм. Проста ёсьць дыфэрэнцыяцыя, якая ў рэпрэсіях была заўжды.
— Праваабарончая супольнасьць вядзе ўлік колькасьці палітвязьняў у Беларусі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» публікуе штодня гэтую статыстыку, раз на месяц — зводныя справаздачы.
На наступным графіку прыводзяцца паквартальныя дадзеныя з чэрвеня 2020 года па верасень 2025 года. Як бы вы маглі пракамэнтаваць яго?
— Ён карысны, нейкія трэнды ён паказвае. Але не ўсё. Ён не зьяўляецца, на мой погляд, адэкватным апісаньнем таго, наколькі рэпрэсіўны сёньня рэжым. На графіку бачна, што колькасьць палітвязьняў за кратамі плаўна зьніжаецца з пачатку 2023 года.
Асноўны мэханізм зьніжэньня — тое, што палітвязьні з адносна кароткімі тэрмінамі адбывалі тэрмін пакараньня і выходзілі на волю. З ліпеня 2024 года пачаліся памілаваньні, было памілавана некалькі соцень чалавек.
Але на графіку мы не бачым істотнага ўплыву гэтага новага фактару зьмяншэньня колькасьці палітвязьняў за кратамі. Бо набіралі новых палітвязьняў.
Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ адзін фактар.
Зразумеўшы, што ідзе хваля памілаваньняў і чалавек можа ў яе патрапіць, сваякі людзей, якія сядзяць за палітыку, маглі даваць згоду, каб іхнія родныя, якія сядзяць у турме, былі ўключаныя ў сьпісы праваабарончай супольнасьці.
Зь іншага боку, з пачатку гэтага года праваабаронцы пазбавіліся некалькіх найважнейшых інструмэнтаў для маніторынгу вынікаў судовых паседжаньняў, у тым ліку і па палітычных справах.
Словам, ёсьць шмат рознанакіраваных фактараў, якія ўплываюць на статыстыку. І таму дадзеныя, адлюстраваныя на графіцы, даюць моцна скажоную карціну рэальнасьці.
— Але так выглядае, што ў заходніх сталіцах глядзяць менавіта на гэтую статыстыку беларускіх праваабаронцаў, калі прымаюць рашэньні адносна Беларусі.
Вось называе Трамп лічбы палітвязьняў — 1300-1500. Адкуль ён іх узяў? Можна меркаваць, што менавіта са справаздачаў беларускіх праваабаронцаў.
І беларускія ўлады гэта разумеюць. Падаецца, што яны, так бы мовіць, мадэруюць працэс. Карціць пасадзіць новых. Але саджаюць столькі, каб не псаваць статыстыку, адлюстраваную на графіку, каб захоўвалася карцінка зьніжэньня колькасьці.
Дадатковы мэханізм гэтай мадэрацыі — праваабаронцы паведамляюць, што ў апошнія гады на сваякоў тых, каго судзяць за палітыку, ціснуць, каб яны не паведамлялі праваабаронцам пра справы іх родных.
— Я думаю, што беларускія ўлады сапраўды разумеюць, што дазваляць гэтай лічбе зноў расьці ў справаздачах праваабаронцаў было б контрпрадуктыўна для іх уласных дыпляматычных намаганьняў.
Пакуль Трамп настойвае на вызваленьні 1300-1500 «закладнікаў». Калі гэтая лічба ў статыстыцы «Вясны» будзе ў працэсе перамоваў прыкметна расьці, то гэта будзе крыху рызыкоўнае практыкаваньне. Ці мадэруецца яна ў штодзённым рэжыме, я не ведаю, але, вядома ж, калі на гэтым графіку колькасьць палітвязьняў вырасьце, скажам, да 1700 чалавек, то ў афіцыйнага Менску ў дыялёгу з Вашынгтонам узьнікнуць дадатковыя праблемы.
— Колішні старшыня Хельсінскага камітэту, цяпер нябожчык, Алег Гулак распавядаў мне некалі абставіны папярэдняга паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам у 2015 годзе.
Ён казаў, што яму тады тэлефанавалі з МУС Беларусі і казалі: «Алег, дай поўны сьпіс тых, каго вы лічыце палітвязьнямі. Нам начальства загадала вызваліць дакладна ўсіх, хто ў статыстыцы праваабаронцаў. Да аднаго чалавека. Але толькі іх».
— Хутчэй бы патэлефанавалі ізноў.
Читайте еще
Избранное