Навумчык: «Імунітэт кіраўнікоў дзяржаваў — міф?»
Палітычны аглядальнік у звязку з захопам венесуэльскага прэзідэнта — пра гарантыі для першых асоб дзяржавы.
— Імунітэт кіраўнікоў дзяржаваў — міф? — задаецца пытаннем Сяргей Навумчык.
Напэўна, як і вы, я шмат разоў чуў пра «імунітэт кіраўнікоў дзяржаў», але ніхто і ніколі ня здолеў назваць нейкі міжнародны прававы дакумэнт, дзе б такі імунітэт быў зафіксаваны (часам да кіраўнікоў дзяржавы дадаюць кіраўніка ўраду і міністра замежных спраў).
Паспрабаваў пашукаць — выглядае, што такога дакумэнту не існуе ў прыродзе. Скажам, Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах (1961) прадстаўляе дыпляматычны імунітэт, у тым ліку гарантыю ад арышту, вобшуку і г.д., афіцыйна акрэдытаваным дыпляматам.
Падкрэсьлю: акрэдытаваным МЗС краіны знаходжаньня, а ня проста ўладальнікам дыпляматычных пашпартоў, напрыклад, міністрам ці дэпутатам, якія з такімі пашпартамі прыехалі з візытам у краіну.
Нічога падобнага ў дачыненьні да кіраўнікоў дзяржаваў я не знайшоў. У гэтым сэнсе, акрэдытаваны другі сакратар амбасады (адносна невялікая пасада) абаронены імунітэтам (як і члены ягонай сям’і), а вось прэм’ер-міністар ягонай краіны, якому ён у часе візыту перакладае — не.
Адзінае, што ёсьць на гэтую тэму — пэўныя вэрдыкты Міжнароднага суду ААН (але ягоныя рашэньні не прызнаюць абавязковымі, напрыклад, ЗША, Ізраіль і Кітай, тады як тую ж Венскую канвэнцыю прызнаюць усе), і Міжнароднага крымінальнага суду (таксама не прызнаецца ЗША і некаторымі іншымі краінамі).
І да таго ж — у большасьці краінаў ня дзейнічае прынцып прэцэдэнтнага права.
З другога боку, мы ведаем, што шэраг краінаў заявілі пра арышт Пуціна па ордэру Міжнароднага суду, калі той зьявіцца на іх тэрыторыі.
Найбольш колькі-небудзь уцямнае ўнівэрсальнае тлумачэньне, якое я знайшоў — гэта спасылкі на «міжнародную звычку як доказ усеагульнай практыкі, прызнанай у якасьці прававой нормы».
Ну, кшталту: усталявалася звычка і набыла статус прызнанай нормы этыкету, што, седзячы за сталом, некамільфо смаркацца ў сурвэтку ці лезьці відэльцам у талерку суседа.
Так што, выглядае, дзейнічае разуменьне магчымых наступстваў, а ня нейкая абавязковая для ўсіх міжнародная канвэнцыя.
Читайте еще
Избранное