Навумчык: «Больш ганебнага пэрыяду Беларусь ня ведала ў сваёй гісторыі»

Маўчаньне МЗС РБ на словы дэпутата Дзярждумы РФ пра аб’яднаньне Расеі, Украіны і Беларусі ў адну дзяржаву як мэту вайны — паказальнае, піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Зьнешнепалітычныя ведамствы не заўсёды абавязаныя рэагаваць на заявы замежных палітыкаў (скажам, лідэраў маргінальных партый), якія пагражаюць ліквідацыяй сувэрэнітэту, але дэпутат парлямэнта — гэта дзяржаўны дзеяч, член вышэйшага заканадаўчага органу.

Гэтае маўчаньне — сьведчаньне стану, у які Лукашэнка пагрузіў Беларусь за дзесяцігодзьдзі свайго бяздарнага кіраваньня: поўная залежнасьць ад Масквы. Нагэтулькі васальная, што саноўнікі Лукашэнкі баяцца выказаць хоць якую нязгоду з кожным, хто завецца «русский».

Больш ганебнага пэрыяду Беларусь ня ведала ў сваёй гісторыі.

Але тое, што аб беларускую Незалежнасьць усякая маскоўская шваль выцірае ногі, зьдзіўляць не павінна: ва ўладу Лукашэнка ішоў, адкрыта і нахабна зьневажаючы сувэрэнітэт беларускую мову і нацыянальныя каштоўнасьці. Ключавое слова — «адкрыта»: бясконцыя заявы дэпутата Лукашэнкі, што «суверенитет — это чушь», чулі ўсе. Як кажуць — «бачылі вочы, што выбіралі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)