Навошта Трампу Лукашэнка?

Адказ на гэтае пытаньне – хіба самы цікавы момант візыту Кіта Келага ў Менск. І самы загадкавы. Піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Напярэдадні візыту спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіта Келага паведамлялася, што галоўнай яго тэмай будуць пытаньні бясьпекі. І што ў гэтых пытаньнях Аляксандар Лукашэнка можа (мог бы) даць Дональду Трампу?

Перамовы ў трохкутніку Вашынгтон-Масква-Кіеў відавочна ў тупіку. Безумоўна, Лукашэнка вельмі залежны ад Крамля. Васал, як кажуць некаторыя, але ня раб. Перамаўляцца зь кіраўніком Чачні Кадыравым ці кіраўніком расейскай акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласьці Пушыліным амэрыканцам і ў галаву не прыйшло б.

З Лукашэнкам – прыйшло. Усё ж асобная юрысдыкцыя, як было сказана падчас крызісу зь мяцяжом Прыгожына. Плюс вельмі шчыльныя асабістыя адносіны Лукашэнкі з Пуціным. Да таго ж ёсьць пэўныя асаблівасьці пазыцыі. Беларуская армія ня ўдзельнічае ў расейскай вайне з Украінай.

У Беларусі шмат гадоў (2015-2022) вяліся перамовы паміж Украінай і Расеяй у межах Менскага мірнага працэсу, Лукашэнка, на чыёй тэрыторыі тыя перамовы адбываліся, ведае шмат тонкасьцяў гэтага ўзаемадзеяньня, менш вядомых іншым.

Калі сытуацыя ў тупіку, то вывесьці яе з гэтага стану можа і імпульс, ход, які невідавочна, негарантавана паляпшае расклад. Але які проста выводзіць з тупіку, павышаючы няпэўнасьць, павялічваючы рызыкі, але і адкрываючы новыя магчымасьці.

Гэта цалкам упісваецца ў палітычны стыль Трампа. Падобным крокам былі ў свой час сэнсацыйныя перамовы Трампа з Кім Чэн Ынам.

Ход, які парушае звыклую раўнавагу, якая не задавальняе. Плёну ад таго ходу было няшмат. І не магло прынесьці плёну? А вось гэта ня факт. Трамп тады паспрабаваў.

Дык і зараз, магчыма, проста вырашыў паспрабаваць – увесьці ўва ўраўненьне новую пераменную. Ня вельмі значную, але і ня роўную нулю.

Вывесьці Лукашэнку з расейскай арбіты наўрад ці ставілася за кароткатэрміновую мэту. І што значыць вывесьці? Каб Беларусь выйшла са шматлікіх саюзаў з РФ? Гэта недасягальна.

Але сам па сабе факт аднаўленьня асобнай камунікацыі, дыялёгу Менску з Вашынгтонам крыху пашырае для Лукашэнкі прастору для геапалітычнага манэўру і аслабляе залежнасьць ад Масквы.

Заляцаньні Лукашэнкі да Кітаю таксама не прадугледжваюць «здрады» Расеі. Але самой сваёй наяўнасьцю гэтыя адносіны пашыраюць магчымасьці манэўру для Лукашэнкі і ўскосна аслабляюць залежнасьць ад Масквы.

У выпадку паляпшэньня адносінаў Менску з Вашынгтонам аслабленьне залежнасьці ад Расеі можа аказацца ня мэтай, а такім жа ўскосным, пабочным наступствам.

Наўрад ці вынікам перамоваў Келага ў Менску стане перанос асноўных перамоваў паміж Кіевам і Масквой у Беларусь. Але пляцоўкай для перамоваў па пэўных пытаньнях, скажам, у абмене палоннымі Менск можа і стаць. Гэтыя абмены празь Беларусь апошнім часам пераважна і ажыцьцяўляюцца.

І рэч ня ў тым, што гэтыя перамовы немагчыма весьці ў іншым месцы. Але згода на Менск – на гэта ў прынцыпе магла б пагадзіцца Ўкраіна, і гэта расцаніла б як крок насустрач ёй Масква. У прынцыповых пытаньнях бакі не гатовыя ісьці насустрач адзін адному. У гэтым – маглі б, і гэта магло б стаць дэманстрацыяй хоць нейкага прагрэсу на перамовах.

Роля Лукашэнкі неабавязкова прадугледжваецца менавіта такая. Але такога кшталту – ад яго могуць чакаць нейкіх крокаў, якія б хоць у нечым зблізілі Маскву і Кіеў.

Не атрымаецца нічога з гэтых пражэктаў – ну значыць, не атрымаецца. Вялікай бяды ад спробы ня будзе.

А некаторыя станоўчыя вынікі, хай і невялікія, могуць быць і нават ужо ёсьць – 14 вызваленых палітвязьняў, напрыклад. Як было адзначана, паляпшэньне адносінаў Вашынгтону зь Менскам прывядзе да пэўнага аслабленьня залежнасьці беларускай дыктатуры ад Масквы.

На думку Эўропы, такая палітыка можна тую дыктатуру ўмацаваць. Але ў Трампа сваё бачаньне. Яшчэ ў студзені сёлета выбары ў Беларусі асудзілі ўсе эўрапейскія сталіцы. А Дзярждэрартамэнт толькі абранага ў Белы дом Трампа красамоўна прамаўчаў.

Калі можна размаўляць з Пуціным, дык чаму нельга з Лукашэнкам? Часам выхад з тупіку нават пагаршае сытуацыю. Але стан тупіку ён прынамсі ліквідуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(7)