Общество

«Нас вырашылі зусім звесці са свету»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выпусціў даклад, у якім задакументаваў сведчанні жанчын пра гендарную дыскрымінацыю ў месцах несвабоды Беларусі.

Яго прэзентацыя прайшла 8 сакавіка.

«Нас вырашылі зусім звесці са свету»— гэта цытата палітзняволенай Валерыі Касцюговай, якую яна напісала ў адным з лістоў.

Як падкрэсліла праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка, мэтай праваабаронцаў праз даклад было паказаць, як рэжым сістэматычна парушае правы жанчын па гендарных прыкметах.

Жанчыны маюць асаблівыя патрэбы. І гэта тое, што варта захоўваць пры абыходжанні з жанчынамі.

«Невыдача сродкаў асабістай гігіены — гэта тое, што практыкуецца шмат год у Беларусі, пачынаючы ад ІЧУ, — адзначыла падчас прэзентацыі Марына Кастылянчанка, —  не толькі пракладак і тампонаў, але туалетнай паперы, мылу, душу і немагчымасці падыхаць свежым паветрам. Сітуацыя, нажаль, не мяняецца ў лепшы бок. Як з пачатку 2021 года перасталі прымаць перадачы, так і дагэтуль іх не прымаюць».

Даклад падзелены на некалькі раздзелаў. Сярод іх:

  • Прыніжэнні, фізічныя і псіхалагічныя катаванні паводле гендарнай прыкметы, сэксуалізаваны гвалт
  • Як «выпраўляюць» жанчын у калоніях
  • Прыцягненне жанчын да цяжкай працы
  • Жаночае здароўе за кратамі
  • Псіхалагічныя праблемы
  • Разлучэнне маці і дзіцяці ў выніку палітычна матываванага пераследу

«Але вельмі шмат сведчанняў перакрыжоўваюцца, — адзначыла Марына Кастылянчанка. — Агульнае: жанчыны чуюць розныя словы ў свой адраз. Гэта можа прымаць і форму дзеяння — могуць быць непрыемныя дотыкі, агляды, падгляданне — мы гэтыя сведчанні збіралі.

Жорсткая сітуацыя, калі да жанчын выкарыстоўвалі дамаганні ці іх пачыналі разглядаць як патэнцыйныя аб’екты для сваіх сэксуальных  фантазій. Затрыманні і допыты праводзяць часцей мужчыны — і толькі гэта ўжо ставіць жанчын ва ўразлівае становішча».

Сярод тых, хто прымаў удзел у прэзентацыі даклада, — былая палітзняволеная Яна Жураўлёва. Яна адзначыла, што падчас затрымання ў яе ўсё пакрылася «тоўстай шкарлупінай» і таму яна не ўспрымала сэксісткія жарты ад сілавікоў, але яны былі:

«Насамрэч гэта страшная сітуацыя, калі ты знаходзішся адна і не ведаеш, куды цябе павясуць. Асэнаванне, што ты увогуле нічога не можаш».

Былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна падчас прэзентацыі даклада распавяла, што кожнае з сілавых ведамстваў паводзіць сябе па-рознаму.

«ГУБАЗіК больш грубы — [яны казалі, што] у мяне вусны надутыя, жарты — то бок яны намагаюцца выкарыстоўваць гендарную тэму, яны лічаць, што гэта смешна.

Быў выпадак: люты ці студзень 2021 года, на Валадарцы быў Міша. Ён стаў і глядзеў на мяне, калі я была на ўколе. Я прасіла выконваць інструкцыю МУС [каб ён на мяне не глядзеў], і я на маце выслухала пра сябе: «журналістачка ё*аная, гвалтаваць я цябе не збіраюся». А я настойвала на тым, каб ён не глядзеў на той момант, калі я была без штаноў».

Падчас прэзентацыі дакументатарка Паліна распавяла аб парушэннях, пра якія жанчыны  распавядаюць часцей за ўсё падчас дакументаванняў:

«У сувязі з нявыдачай прадметаў асабістай гігіены і адсутнасцю медыцынскай дапамогі, наступствы, якія бываць: часцей за ўсё, а гэта 70-80%, жанчыны распавядаюць пра гінекалагічныя праблемы. Гэта збой менструальнага цыклу або поўная страта месячных як следства, напрыклад, стрэсу і знясілення.

Вельмі часта людзі кажуць, што гэта праблема не толькі фізічная і медыцынская, але і моцнае псіхалагічны ўзрушэнне для жанчыны ў зняволенні. Таму што жанчыны часта распавядаюць пра страту ідэнтычнасці ў сувязі з парушэннем сваіх рэпрадуктыўных функцый.

З прычыны нявыдачы і немагчымасці выконваць гігіену гэта выклікае сверб, непрыемны пах. І некаторыя жанчыны параўноўвалі гэты стан з жаданнем вылезці са свайго цела».