Общество

«Мы ганарымся сваім сынам». Размова з бацькамі і блізкімі загінулага беларускага добраахвотніка Аляксея Аўдзея

Беларус з пазыўным «Рыжы» загінуў ва Ўкраіне ў сярэдзіне красавіка. Яго цела застаецца ў «шэрай зоне», Аляксея пакуль ня могуць эвакуаваць — пра гэта Свабодзе расказалі бацькі Аляксея.

Аляксей Аўдзей падчас выкананьня баявой задачы, фота з прыватнага архіву

Яны таксама распавялі, якім быў іх сын, чаму паехаў на вайну ва Ўкраіну і як яны ім ганарацца.

Бацькі і брат Аляксея Аўдзея зьехалі зь Беларусі неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Сам ён выехаў спачатку ва Ўкраіну, а пасьля ў Грузію яшчэ ў 2020-м празь небясьпеку арышту за актыўны ўдзел у пратэстах. Тамара Аляксандраўна і Сяргей Уладзіміравіч Аўдзеі прызнаюцца, што ехалі ў нікуды з двума чамаданамі, зараз яны жывуць у Польшчы.

Тамара і Сяргей пагаджаюцца расказаць пра сына, бо лічаць, што гэтага хацеў бы ён сам. Яны мала ведаюць пра абставіны яго гібелі. Пабрацімы Аляксея расказвалі, што ён быў паранены і застаўся ў «шэрай зоне». Калі па яго вярнуліся саслужыўцы, ён ужо быў мёртвы. Пасьля ўся група загінула там жа.

Цела Аляксея Аўдзея дагэтуль не эвакуавалі з зоны баявых дзеяньняў, яго родныя ня могуць пахаваць сына. Калі гэта будзе магчымым, таксама невядома. З словаў бацькоў Аляксея, ніхто з сынавых камандзіраў на сувязь зь імі не выходзіў.

«Адгаворваць яго было бессэнсоўна»

— Сям’я нашая звычайная, я настаўніца, тата Алёшы — будаўнік, — гаворыць Тамара Аўдзей. — Вёска Заастравечча, Клецкі раён. Лёша другі наш сын, малодшы. Старэйшаму ўжо 35, а Лёшу 26.

Аляксей якім цяпер быў, такім і рос. Жвавы быў, непаслухмяны, шустры, вясёлы. Такі быў ён хлопчык. У адрозьненьне ад старэйшага сына — той заўсёды спакойны. Але абодва таленавітыя, добра вучыліся.

Маці Аляксея расказвае, што пасьля 7 клясы ён захацеў пайсьці ў кадэцкую вучэльню. Бацькі мяркуюць, што на гэтае рашэньне паўплывала сынава рамантычнасьць. Хутка захацеў назад, але мусіў дацягнуць да 9 клясы. Кадэцкую вучэльню Аляксей скончыў зь сярэднім балам 9,6. Гэта дазволіла паступіць без іспытаў у архітэктурна-будаўнічы каледж. Разважаў пра ІТ-сферу, але вырашыў, што гэта не для яго.

— Лёша, відаць, больш у мяне пайшоў, — гаворыць маці. — Ён такі адкрыты, дабрэйшы. Наш старэйшы сын таксама добры чалавек, але ён гэта ўмее схаваць. А Лёша такі наросхрыст. Што адчувае, то і робіць. Вельмі не любіў несправядлівасьць. Яшчэ ў школе заўсёды скажа, калі што. Не прамаўчыць. Іншыя дзеці адступяць, а ён ня мог.

Аляксей Аўдзей у цывільным жыцьці, фота з прыватнага архіву

Бацька Аляксея ўзгадвае, што праз такі характар малодшы сын часам меў клопаты. Гэтак здаралася і ў школе, і ў кадэцкай вучэльні, і пазьней.

— Яго ж праз гэта і забралі першы раз, калі пратэсты былі ў 2020-м, — узгадвае Сяргей Аўдзей. — Лёша проста ішоў па вуліцы, убачыў, што дзяўчат «пакуюць». Выпадкова было ўсё. Заступіўся, не прайшоў міма. Ён бы за любога заступіўся. Ідэальным ён ня быў, вядома. Шмат болю прыносіў нам.

Але агулам Лёша вельмі сьветлы быў чалавек. Добра ў людзях разьбіраўся. Мне ўжо 58 гадоў, а ён людзей лепш за мяне разумеў. Ён прыяжджаў да нас у Польшчу, працаваў трохі са мной разам. І мяне зьдзівіла, наколькі ён добра ў людзях разьбіраецца.

Бацькі Аляксея расказваюць, што ведалі пра рашэньне малодшага сына паехаць на вайну ва Ўкраіну адразу пасьля таго, як ён яго прыняў. Адгаворваць было немагчыма, кажуць яны.

— У першы дзень як вырашыў, то адразу нам і сказаў, — узгадвае Тамара. — Ён тады жыў у Грузіі. Пайшоў прасіцца добраахвотнікам, але была праблема. Ковід жа яшчэ быў, даведкі трэба было нейкія зьбіраць. Ён польскую візу зрабіў, паляцеў у Нямеччыну, пасьля ўжо ва Ўкраіну. Яму цяжка пярэчыць было, мы адразу зразумелі. Адгаворваць яго было бессэнсоўна.

«Прасілі, каб хоць смайлік які даслаў»

Бацькі Аляксея прызнаюцца, што, даведаўшыся аб рашэньні Аляксея ехаць на фронт, мелі падвойныя пачуцьці. Яны ведалі, што адбываецца ва Ўкраіне, сачылі за падзеямі там яшчэ з 2014 году і разумелі, што там адбывалася ў 2022.

— Цяжка было вельмі, — гаворыць Тамара Аўдзей. — Але, зь іншага боку, я ганаруся сваім сынам. Хочацца яму сказаць — які ты малайчына. Ягоны бацька таксама такі. Я ведаю, што калі б мяне не было побач зь ім зараз, то муж быў бы там. Мы ўсе такія, уся сям’я. Лёша быў вольнай птушкай. Крылы яму ніхто ня мог бы падрэзаць.

Бацькі расказваюць, што Аляксей часта званіў ім з фронту. Яны прасілі зьвязвацца кожны раз, як будзе магчымасьць, і сын стараўся выконваць просьбу бацькоў.

— Адразу пісаў нам, хаця б коратка, — кажа бацька Аляксея Сяргей. — «Усё нармальна, пазваню пазьней, як адпачну». Такое нешта заўсёды пісаў, як толькі мог. Часта пісаў. Нам, магчыма, хацелася б і часьцей, але як атрымлівалася. Мы прасілі, каб хоць смайлік які дасылаў, сэрцайка. Каб мы ведалі, што ён жывы.

Але гаварылі мы не пра тое, што Лёша там бачыў. Трохі толькі. Пра жыцьцё гаварылі, Лёша ад нас не хаваў нічога. Але больш за ўсё любіў пра сабаку свайго расказваць, пра Жмыха. Ён яго шчанюком падабраў і вазіў з сабой паўсюль. Жмых і зараз недзе там з хлопцамі жыве. Лёша не жыве, а сабака жыве».

Аляксей Аўдзей падчас службы, фота з прыватнага архіву

Аляксей меў шмат плянаў на жыцьцё, кажуць бацькі добраахвотніка. Ён шмат пра пляны расказваў і часта іх мяняў. Аднак адна мара для яго была асаблівай, і яе ён трымаўся доўга.

— Лёша хацеў жыць наводшыбе, у лесе, у доме з сабакамі і катамі, — расказваюць бацькі. — Ён хацеў у вёсцы жыць. Ва Ўкраіне ці ў Беларусі — па магчымасьці. Ён вельмі хацеў вярнуцца дадому, але жыць хацеў асобна. Стаміўся ад людзей, відаць. Ад усяго гэтага.

Бацькоў Аляксей апошні раз бачыў, калі прыяжджаў да іх у Польшчу з Украіны. Пайшоў працаваць разам з бацькам на завод, аднак мірнае жыцьцё вытрымаў толькі некалькі месяцаў.

— Сазвоньваўся тут з пабрацімамі кожны дзень, — кажа бацька Аляксея. — Я ўжо бачыў, што няма яму спакою. У Польшчу ён як прыехаў, то са мной пайшоў працаваць на завод у першы ж дзень. Але нядоўга вытрымаў.

«Быў сонечны дзень»

Бацькі Аляксея ўзгадваюць, што апошні раз сазвоньваліся з сынам 13 красавіка, за некалькі дзён да яго сьмерці. У той дзень ім удалося пагаварыць празь відэасувязь. Аляксей расказваў пра пляны, зьбіраўся паехаць палячыць зубы ў Львоў.

— Ён быў тады на самым фронце, у тым жа месцы, дзе пасьля загінуў, — расказвае маці Аляксея. — Гаварыў, што ідзе на «працу» на 3-4 содняў. Пра тое, што Лёша загінуў, нам сказала яго сяброўка Ірына. Яна нам пазваніла і расказала.

Быў сонечны дзень такі харошы. Нічога не прадказвала бяды. Часам бывала — кладзесься спаць, так трывожна ў душы. Думаеш, дзе ён, што ён? Ці жывы, ці не галодны? А ў тую ноч нічога. Так моцна я спала, нічога ўва мне нават не зварухнулася. А пасьля Ірына пазваніла.

Бацькоў Аляксея моцна хвалюе, што сынава цела не ўдалося забраць зь лініі судакрананьня і яны ня могуць разьвітацца зь ім так, як бы гэтага хацелі.

— Няма цела, няма чаго хаваць, — гавораць бацькі Аляксея. — Магчыма, нам скажуць, калі ўдасца яго дастаць адтуль. Як бы мы хацелі яго пахаваць? Мы не хацелі б яго хаваць… У Беларусі, магчыма. Але як? Ва Ўкраіне, значыць.

Аляксей гаварыў пра крэмацыю. Мы хацелі б зрабіць так, як ён хацеў. Мы гэта зь ім абмяркоўвалі. Ён лёгка ставіўся да магчымасьці загінуць. Казаў нам, што ня хоча быць цяжка параненым, ня хоча трапіць у палон. Заўсёды меў з сабой гранату на такі выпадак.

Аляксей з сяброўкай Ірынай, якая паведаміла бацькам пра сьмерць сына. Фота з прыватнага архіву

Для Тамары і Сяргея Аўдзяеў важна, каб недзе было ягонае імя, каб яны маглі кудысьці прыехаць і памянуць сына. Пакуль што ня мелі магчымасьці гэтага зрабіць.

— Пасьля сьмерці Аляксея нас папрасілі маўчаць пра гэта, — кажуць бацькі. — Пакуль ня будзе афіцыйнага паведамленьня. І мы маўчалі. Сказалі толькі хлопцам тут, якія яго ведалі. Да нас прыходзяць маладыя хлопцы. Сябруем зь імі, яны нас за бацькоў лічаць. Беларусы, украінцы, якія тут жывуць. І Лёша іх ведаў. Прыйшлі, пасядзелі мы тут пры сьвечцы.

У панядзелак 26 траўня будзе 40 дзён з дня гібелі Аляксея. Яго маці хоча пайсьці ў гэты дзень у царкву, паставіць па ім сьвечку.

— Мяне Бог беражэ, мяне Бог беражэ», — паўтараў Аляксей, — кажа яго бацька. — Ён ахрышчаны ў нас быў. У розныя сытуацыі трапляў і бяз драпіны выходзіў. Мы ганарымся сынам. Гэта ўжо ня зьменіцца, мы ведаем, што ён ня мог бы іначай. Калі б не вайна, то ён нешта іншае выбраў бы. Ня мог Лёша сябе ў спакойным жыцьці знайсьці.

«Бязьмежна сьмелы і шалёны»

Арына Коршунава жыве ва Ўкраіне пасьля пратэстаў 2020 году. Расказвае, што з Аляксеем Аўдзеем пазнаёмілася два з паловай гады таму. Ён напісаў ёй у інстаграме, у іх узьнікла спрэчка пра беларускую мову.

— Спрэчка ці нешта такое. Дыскусія, — гаворыць Арына. — Мы абмяркоўвалі, наколькі беларуская мова важная. Я ў Харкаве тады была. Ішла па вуліцы і старалася яму давесьці, чаму трэба размаўляць па-беларуску. Аляксей тады ўжо няблага размаўляў.

Што канкрэтна я яму гаварыла, ужо не памятаю. Але гэта было вельмі эмацыйна і яго зачапіла. Гаварыла, што для мяне беларуская мова прынцыповая. Калі я размаўляю зь беларусамі, то буду рабіць гэта толькі па-беларуску.

Арына кажа, што Аляксей у выніку пагадзіўся зь яе аргумэнтамі. Дзяўчыну гэта таксама зачапіла.

— Сустрэліся мы празь некалькі дзён пасьля гэтага ў Харкаве, — узгадвае Арына. — Аляксей са мной гаварыў па-беларуску. Пасьля і сам перайшоў на беларускую ў паўсядзённым жыцьці.

Я не кажу, што гэта быў выключна мой уплыў. Але памятаю гэтую нашую спрэчку і памятаю, што ён меў іншую пазыцыю. Пасьля ўжо чым больш Аляксей акунаўся ў беларускасьць, то і сам яе ўсім нёс далей.

Аляксей сьпіць разам са сваім сабакам Жмыхам. Фота з прыватнага архіву

У Харкаве Аляксей падаваў дакумэнты ў Другі інтэрнацыянальны легіён, узгадвае Арына. Ён лёгка ўліўся ў новую кампанію, трапна жартаваў, шмат расказваў пра сябе.

— Запомнілася, што ён не ўжываў алькаголю і тлумачыў гэта тым, што і так эмацыйны, а калі будзе яго ўжываць, то стане зусім нястрыманым, — гаворыць Арына. — Я яшчэ падумала тады, што ён умее сябе кантраляваць.

Калі разьвітаваліся і Аляксей зьехаў на базу, я падумала, што гэты чалавек бязьмежна сьмелы, але шалёны. І ў баі таксама будзе такім.

Калі мы тады разьвітваліся, то ў мяне першы раз ёкнула сэрца. Было страшна за яго. Аляксей тады за дзень знаёмства пакінуў пра сябе такое ўражаньне. Было зразумела, што ён ніколі ня будзе адседжвацца.

Арына кажа, што Аляксей не тлумачыў, чаму вырашыў прыехаць ва Ўкраіну на вайну. Зь яе словаў, ён вельмі арганічна ўпісаўся ў падзеі і такога пытаньня проста не ўзьнікала ні ў кога. Ваярская справа яму пасавала.

— Аляксей хацеў больш беларускага, браў у мяне кнігі чытаць, — узгадвае Арына. — Караткевіча, «Аўтаспынам па галяктыцы» Дугласа ў перакладзе на беларускую.

Ведаеце, у яго такая неймаверная харызма была. Аляксей мог іншых пераканаць, захапіць. Але меў таксама характар, вядома, такі выбуховы. І мы то сябравалі, то сварыліся праз гэта. Мог сам абарваць кантакт, пасьля рэзка зьявіцца.

«Яму было важна, каб усё было не абы-як»

Улетку 2023 году Аляксей пачаў сустракацца зь сяброўкай Арыны. Усе яны разам праз гэта яшчэ часьцей бачыліся. Хадзілі ў горы, вячэралі, шпацыравалі па Кіеве, глядзелі кіно.

— Ведаеце, Аляксей быў вельмі энэргічны, — гаворыць Арына. — Я нават ня ведаю, як вам расказаць. Ён любіў усё, за што браўся. Мяняў шмат справаў, якімі займаўся паралельна з вайной. Стрыміў на YouTube па-беларуску. Але гэта патрабавала частых уключэньняў, з вайной цяжка было сумяшчаць.

Аляксей закінуў канал. Гатаваў вельмі добра. Паўсюль гатаваў, на фронце таксама. Шмат чым займаўся. Але ўсё гэта яму падабалася, толькі пакуль не рабілася працай.

Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву

Арына таксама ўзгадвае, што Аляксей добра размаўляў на некалькіх мовах, хоць у школе не вывучаў іх. Хутка вывучыў украінскую, пачаў размаўляць па-ангельску ў Інтэрнацыянальным легіёне, знаходзіў агульную мову з добраахвотнікамі зь іншых краін.

— Шмат пра яго можна гаварыць, вельмі шмат, — дадае Арына. — Ведаеце, ён нават утульнасьць любіў, мог яе стварыць. Неяк мы прыйшлі да іх зь Ірай (сяброўка Арыны і Аляксея. — РС) у госьці, а ён нам хваліўся ружовым дыванком, які купіў у ванны пакой. Гэты дыванок яго настолькі захапіў, што Аляксей павёў нас пастаяць на ім басанож. Нахвальваў яго такім чынам.

Апошні раз Арына бачыла Аляксея некалькі месяцаў таму. Гэта адбылося ў Краматорску, куды яна прыехала па працы. Аляксей быў там з пабрацімам. Беларусам, які пражыў шмат гадоў у Расеі і дрэнна гаварыў па-беларуску.

— Я яшчэ падумала, што вось некалі сама спрачалася з Аляксеем пра мову, а зараз ён жартуе з свайго сябра і намаўляе яго гаварыць па-беларуску, — узгадвае Арына. — Мы пайшлі ў кавярню, жартавалі шмат, сьмяяліся.

Я ўсяго на некалькі дзён прыехала ў Краматорск, а Аляксей з пабрацімам рамантавалі там машыну. Вясёлая была сустрэча. Аляксей усё шукаў, дзе ў Краматорску смачна паесьці. Аляксею гэта было важна, каб смачна, а не абы-як. Заўсёды стараўся, каб было не абы-як.

Любімы сабака Жмых

Ірына пазнаёмілася з Аляксеем Аўдзеем улетку 2023 году. Яшчэ да знаёмства яна ведала яго завочна праз інтэрнэт. Яе прозьвішча Лукашэнка, аднойчы дзяўчына выклала ў інстаграм сваё фота з подпісам «Вашая будучая прэзыдэнтка». Гэта выклікала рэакцыю Аляксея.

— Ён мне напісаў: «А можна ня будзе больш Лукашэнак?» — узгадвае Ірына. — Так мы і пазнаёміліся. Мы сустракаліся зь ім, былі парай. Ён такі шчыры, якіх больш няма. Сапраўдны ўва ўсім, што робіць. Нават калі, на мой погляд, гэта няправільна, Аляксей гэта робіць шчыра. Паказвае свае пачуцьці як ёсьць. Ён настолькі шчыры, што гэта чапляе. Людзі збольшага хаваюцца, стрыманыя. Лёша не такі. Быў…

Апошні раз Ірына размаўляла з Аляксеем на пачатку красавіка. Яна кажа, што, нягледзячы на складанасьці ў стасунках, яны падтрымлівалі сувязь, паважалі адно аднаго і любілі. Сазвоньваліся час ад часу, былі побач.

— Скінуў мне відэа, як ён глядзіць фільм «Эўратур» па-беларуску, — узгадвае Ірына апошнюю размову з Аляксеем. — А гэта мой любімы фільм, ягоны таксама. Аляксей ведаў, што толькі я магу гэтае захапленьне фільмам зразумець. Мы тады зь ім акурат пагаварылі пра тое, што працягваем паважаць адно аднаго і любім. Што абдымаем адно аднаго».

Аляксей і Ірына, фота з прыватнага архіву

Ірына расказвае, што Аляксей знайшоў сябе на вайне. Гэта добра ў яго атрымлівалася, Аляксей быў лідэрам, сьвядома і шчыра рабіў тое, чым займаўся.

— Але ён усё ж расказваў і пра нашыя пляны, — кажа яна. — У Аляксея быў любімы сабака Жмых. Лёша хацеў жыць зь ім недзе на вёсцы. Калі не ў Беларусі, то недзе блізка, у Чарнігаўскай вобласьці, магчыма. Займацца нечым простым. Стрыміць, добра сябе адчуваць, адпачываць. Гаварыў таксама мне, што хацеў бы ў Заастравечча сваё вярнуцца. У месца, адкуль ён родам. Жыць там.

«Мне хочацца верыць, што мы зможам разьвітацца з Аляксеем»

Сабака Жмых зараз застаўся з пабрацімамі Аляксея. Беларус не заўсёды вазіў сабаку з сабой на фронт, але перад апошнім выездам узяў. Разам яны прабылі каля двух гадоў.

— Лёша яго нейкі час спрабаваў аддаць на ўтрыманьне іншым людзям, але ня змог, — гаворыць Ірына. — Яны былі заўсёды разам. Гэта такі просты сабака, беспародны. Лёша яго выратаваў з зоны баявых дзеяньняў, калі той быў зусім малы.

Пра сьмерць Аляксея Ірына даведалася ад яго саслужыўцаў. Яна гаворыць, што не паверыла адразу, адмаўляла гэтую навіну. Ведала, што Аляксей бываў у многіх страшных сытуацыях і заўсёды выходзіў зь іх жывым.

— Калі ўдасца дастаць цела Аляксея, то мы, вядома, арганізуем разьвітаньне з ім, — гаворыць Ірына. — Зробім усё так, як ён хацеў. На жаль, я ня ведаю, ці гэта будзе. Ведаю шмат выпадкаў, калі целы загінулых так і заставаліся там, у „шэрай зоне“. Іх не змаглі пахаваць. Ня ведаю, ці можна разьлічваць на гэта. Мне хочацца верыць, што мы зможам разьвітацца з Аляксеем так, як ён гэтага заслугоўвае.

Аляксей і любімы сабака Жмых, фота з прыватнага архіву

У Ірыны дома засталіся Аляксеевы рэчы. Яна нешта хоча аддаць ягоным сябрам, якім важна мець памяць пра Аляксея.

— Я хачу ягоным бацькам перадаць іх таксама, усё самае важнае, — кажа Ірына. — Узнагароду, яго электронную кнігу, якую Аляксей браў на пазыцыі. Гэта асаблівая рэч для яго была. Ня ведаю, ці змагу сабе штосьці пакінуць. Для мяне больш важна нават проста тое, што ён для мяне зрабіў.

Увосень 2023 году Аляксей быў на бальнічным, які павінен быў скончыцца адразу перад маім днём народзінаў. Пасьля бальнічнага ім трэба было ехаць на пазыцыі ў Мар’інку. Але Лёша зрабіў іначай. Дамовіўся раней закрыць бальнічны ліст і ў ноч на мой дзень народзінаў сеў у машыну і прыехаў да мяне. За 900 кілямэтраў. Мне гэтага не заменяць ніякія фізычныя падарункі.

За час пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну загінулі больш як 70 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Кіева. Імёны многіх зь іх застаюцца нераскрытымі з прычынаў бясьпекі. Беларускія ўлады называюць грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны, «удзельнікамі тэрарыстычных арганізацый» і «злачынцамі». Іхных родных, якія застаюцца ў Беларусі, перасьледуюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(5)