Общество

«Моладзь недзе растала». Якою пабачыў Беларусь Андрэй Чапюк пасля 5 гадоў за кратамі

У вялікай размове са Свабодай Андрэй расказвае пра валянтэрства ля турмы на Акрэсьціна, знаёмства з ГУБАЗіКам, закрыты суд, лаянку ад пракурора, правілы паводзінаў у калёніі, вызваленьне ў кайданках і новую Беларусь узору 2025-га.

Андрэй Чапюк

Андрэй Чапюк, праваабаронца, валянтэр «Вясны», былы палітзьняволены. 29 гадоў, паходзіць зь Нясьвіжу. Пасьля вучобы ў школе пераехаў у Менск, паводле прафэсіі сьлесар-рамонтнік. Працаваў на прадпрыемствах лёгкай прамысловасьці, назіраў за палітычна матываванымі працэсамі. У жніўні 2020 году дапамагаў у валянтэрскім лягеры ля турмы на Акрэсьціна.

Арыштаваны ў кастрычніку 2020 году, у красавіку 2022-га асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі і штраф каля 16000 рублёў. Дамогся перагляду тэрміну ў Вярхоўным судзе, які скараціў яго да 5 гадоў і 9 месяцаў. Пакараньне адбываў у калёніі «Воўчыя норы» ля Івацэвічаў. Вызваліўся ў красавіку 2025 году, тэрмін адбыў цалкам.

Зьехаў зь Беларусі з дапамогай службы эвакуацыі і фонду BySol у канцы траўня.

У размове са «Свабодай» Андрэй узгадвае свае прыгоды апошніх пяці гадоў, якія ён правёў за кратамі ў розных установах праваахоўнай сыстэмы Беларусі.

«Я быў спакойны»

— Яшчэ толькі содні, як я выехаў зь Беларусі, — расказвае Андрэй. — Пакуль яшчэ нікога ня бачыў, зусім няшмат часу прайшло. Цяжка далася дарога. Зараз вырашаю побытавыя праблемы.

Андрэй пакуль ня кажа, у якой краіне знаходзіцца. Гаворыць, што вырашае, што яму рабіць далей і дзе спрабаваць замацавацца. Фонд BySol абвясьціў збор для Андрэя, які дапаможа яму абжыцца на новым месцы.

Андрэя Чапюка арыштавалі ў разгар пратэстаў, у кастрычніку 2020 году. Ён гаворыць, што магчымасьць трапіць за краты ўсьведамляў. Але на той момант асноўным відам пакараньня за ўдзел у пратэстах і валянтэрства былі «суткі», таму ставіўся да магчымасьці быць арыштаваным спакойна.

— Я сам бываў ля СІЗА, бачыў, як шмат людзей вызвалялі, — расказае Андрэй. — Вызваленых сустракалі родныя, яны пасьля былі пад падпіскай. Справы закрываліся. І я думаў, што тое самае можа адбыцца і са мной. Ведаў, што спэцслужбы ў курсе пра маю асобу. Мяне затрымлівалі раней прэвэнтыўна, вінавацілі ў лаянцы матам. Таму я думаў, што мяне могуць затрымаць. Але быў спакойны. Я не ўчыняў ніякіх правапарушэньняў.

Андрэй гаворыць, што ў 2020 годзе займаўся выключна законнай дзейнасьцю, дапамагаў затрыманым і іхным родным.

— Грамадзтва тады пачало самаарганізоўвацца, — узгадвае Чапюк. — Шмат людзей ішло ў валянтэры, гэта вельмі пазытыўны рух. І я на гэтым фоне далучыўся, дапамагаў людзям, якія трапілі ў бяду. Бо я ведаў, як дзейнічае сістэма на нізавым узроўні, на ўзроўні СІЗА і ІЧУ. І разумеў, што трэба будзе дапамагчы, падказаць, што перадаць і як не нашкодзіць. Падказваў блізкім і родным затрыманых, што рабіць. І праз пэўны час такой дзейнасьці мяне затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

Валянтэры ля ІЧУ на завулку Акрэсьціна, архіўнае фота

Як расказвае Андрэй, у ГУБАЗіКу ўжо былі падрабязныя зьвесткі пра ягоную дзейнасьць. Суразмоўца лічыць, што за ім пэўны час сачылі і добра ведалі, што Чапюк ня ўдзельнічаў актыўна ў пратэстах. Іначай бы яго не трымалі паўтара году пад сьледзтвам, ня ведаючы, паводле якога артыкулу абвінаваціць, кажа суразмоўца.

— Мяне ў выніку абвінавацілі ў той жа справе, што і анархістаў Аляксандра Францкевіча і Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, — узгадвае Чапюк. — Наколькі памятаю, іх арыштавалі ў жніўні. Ім закідалі «ўдзел у масавых беспарадках». У нас спачатку былі асобныя крымінальныя справы, а пасьля іх аб’ядналі.

Але мне ў выніку перакваліфікавалі артыкул на «рыхтаваньне да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «ўдзел у злачыннай арганізацыі». У гэтай справе Гаеўскі-Ханада нiбыта быў кіраўніком арганізацыі, якая існавала з 2006 году, і завэрбаваў мяне для ўдзелу ў масавых беспарадках. Але, наколькі я памятаю, Гаеўскі-Ханада нарадзіўся ў 2002-м, як ён мог у 4-гадовым узросьце заснаваць нешта?

Паводле суду, сродкамі майго ўдзелу ў масавых беспарадках былі камуфляжныя нагавіцы і налепкі на ангельскай мове.

Суд у справе Андрэя Чапюка пачаўся толькі праз паўтара году пасьля затрыманьня — у красавіку 2022-га. Увесь гэты час ён правёў у СІЗА. Спачатку на Валадарцы, пасьля ў СІЗА сьледчай турмы Жодзіна. Затым зноў у СІЗА № 1 на Валадарцы.

— Ім трэба было арганізаваць нейкія доказы ў нашых справах, актыўна ціснулі, актыўна ГУБАЗіК працаваў, — узгадвае Андрэй. — Стваралі ў СІЗА нам неспрыяльныя ўмовы, скажам так. Прыходзілі губазікаўцы для гутарак, пераконвалі супрацоўнічаць. Сьледчы прыходзіў, схіляў даваць паказаньні. Гаварыў, што могуць даць і 10, і 20 гадоў, калі адмоўлюся. Але я на дыялёг не пайшоў, і мяне перавялі ў Жодзіна.

У выніку Андрэю Чапюку выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «рыхтаваньне да ўдзелу ў масавых беспарадках», «распальваньне варажнечы» і «вандалізм». Пазьней Чапюк даведаўся, што амаль усё тое самае адбывалася і з Гаеўскім-Ханадам.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якога судзілі разам з Андрэем Чапюком

— Пра ГУБАЗіК у мяне склалася ўражаньне, што ім далі вялізныя паўнамоцтвы, — гаворыць Чапюк. — І калі раней яшчэ неяк можна было юрыдычна змагацца зь іхнымі мэтадамі працы і сродкамі атрыманьня інфармацыі, то пасьля жніўня 2020-га — ужо не. У іх былі абсалютна шырокія паўнамоцтвы і яны маглі рабіць усё. Мне яны пагражалі ўвесь час.

Пагрозы — гэта іхны самы эфэктыўны мэтад. Фізычны гвалт — толькі ў момант затрыманьня. Яны кінулі мяне на зямлю на вуліцы. Пасьля пасадзілі ў аўтамабіль і там наносілі ўдары ў галаву і плечы — каб я разблякаваў свой мабільны тэлефон. Я не пагаджаўся, яны білі далей. Тады я сказаў, што разблякую. Але ня тут, а калі прыедзем у Сьледчы камітэт. Яны сказалі — ну добра.

Калі мы прыехалі ў Сьледчы камітэт, я там адмовіўся даваць пароль ад тэлефону. Ад сьледчых ужо не было пагрозаў фізычнага гвалту.

З словаў Андрэя, наяўнасьць у яго сьлядоў пабіцьця зафіксавалі ў ІЧУ, куды Чапюка прывезьлі зь першага допыту. У яго апухла вуха, былі сінякі на галаве. Гэтыя пашкоджаньні апісаныя ў матэрыялах справы, але судзьдзя на іх увагі не зьвярнуў, кажа суразмоўца.

6, 16 і 17 гадоў пазбаўленьня волі

Суд у справе Андрэя Чапюка і іншых абвінавачаных ішоў больш за 4 месяцы, матэрыялы складалі больш як 160 тамоў. Андрэй гаворыць, што працэс пакінуў самыя розныя ўражаньні.

— Напачатку я яшчэ спадзяваўся, што нейкія артыкулы абвінавачаньня могуць прыбраць, штосьці скарэктаваць, — прызнаецца Андрэй Чапюк. — Працэсуальныя магчымасьці былі для гэтага. Мне таксама было вельмі цікава, што пракуратура будзе рабіць з матэрыяламі справы. Як яны будуць іх падаваць, як будуць фармуляваць абвінавачаньне.

Але пад канец суду я зразумеў, што яны проста ня будуць гэтага рабіць. Нічога ня будуць даказваць. Правядуць усё паводле працэдуры, зададуць нам пытаньні — і няма ніякай розьніцы, адкажам мы нешта ці не».

Андрэй Чапюк, фота з прыватнага архіву

Андрэй Чапюк кажа, што і зараз не разумее, на аснове якіх матэрыялаў крымінальнай справы яго асудзілі. Прысуд быў неканкрэтным, нягледзячы на тое, што артыкулы цяжкія, а тэрміны зьняволеньня вялікія.

— Я дагэтуль не разумею, за што мяне асудзілі, — прызнаецца Андрэй Чапюк. — Пра гэта і на судзе сказаў. Абвінавачаньне нам усім, дзесяцём удзельнікам крымінальнай справы, чыталі цягам тыдня. І ніхто не зразумеў, у чым нас абвінавачвалі. Нам не змаглі неяк канкрэтна гэта патлумачыць.

З словаў Андрэя Чапюка, працэс зрабілі закрытым для ўсіх, не толькі для незалежных назіральнікаў. Калі на першае паседжаньне яшчэ пусьцілі прапагандыстаў, то пасьля ў залі, акрамя абвінавачаных і аховы, засталіся толькі адвакаты, пракурор, суддзя і сакратарка. Сьведку ад ГУБАЗіКу дапытвалі дыстанцыйна.

— На жаль, на пэўным этапе суду нам забаранілі браць з сабой рэчы, — узгадвае Андрэй. — Бо мы пачалі браць з сабой кнігі, газэты. Стараліся карысна бавіць час. Каб не марнаваць яго на слуханьне прамоваў пракурора. Усе нашыя хадайніцтвы, усе нашыя спробы нешта зрабіць суд адхіляў.

Але пракурора часам было цікава слухаць. Я ж думаў, што пракурор гарадзкога суду — гэта кваліфікаваны супрацоўнік. Чалавек, які ня можа сабе дазволіць лаяцца матам на паседжаньнях. Але я даведаўся, што можа.

Пракурорам у нас быў Раман Бязюк, судзьдзя (Сяргей Хрыпач. — РС) яму нават заўвагу рабіў. Пасьля я даведаўся, што гэтага абвінаваўцу і сярод пракурораў добра ведаюць. Усе пра яго ў курсе.

Андрэй называе спосаб мысьленьня свайго абвінаваўцы «фэнамэнальным». Як прыклад узгадвае гісторю, калі пракурор Бязюк рабіў выснову аб датычнасьці абвінавачанага да зьдзяйсьненьня злачынства з таго, што на момант здарэньня ў абвінавачанага быў адключаны тэлефон. Тое, што злачынства адбывалася ў Менску, а абвінавачаны з адключаным тэлефонам у гэты час быў у Берасьці, дзяржаўнага абвінаваўцу ўжо не хвалявала.

— Мне у выніку прысудзілі шэсьць гадоў пазбаўленьня волі, гэтага я прыкладна і чакаў, — расказвае Андрэй. У мяне былі адпаведныя артыкулы. Ня вельмі я зьдзівіўся, паставіўся абыякава. А вось прысудам паплечнікаў у працэсе здзівіўся (Аляксандра Францкевіча асудзілі на 17 гадоў пазбаўленьня волі, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду — на 16. — РС). Мне здавалася, што ім заменяць абвінавачаньні.

Я не разумею, як можна за адзін учынак інкрымінаваць адразу некалькі цяжкіх артыкулаў. За ўмоўнае графіці абвінаваціць і ў распальваньні варажнечы, і ў нечым іншым. Але выявілася, што гэта магчыма.

Распарадак і схема паводзінаў

Тэрмін зьняволеньня Андрэй Чапюк адбываў у папраўчай калёніі № 22 «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Былы палітвязень прызнаецца, што пра час, праведзены ў калёніі, хацеў бы гаварыць максымальна абстрактна і ня вельмі шмат.

— Там зараз яшчэ шмат людзей, якія на ўліку за так званы «экстрэмізм», — кажа Андрэй. — І нейкія згадкі пра іх, пра калёнію, рэжым, прозьвішчы супрацоўнікаў — усё гэта можа нэгатыўна адбіцца на палітзьняволеных.

Але агулам у мяне былі чаканьні, што там будзе вельмі дрэнна. Што стаўленьне будзе адмоўным. Бо яшчэ ў СІЗА такое чуеш: што там ня будзе жыцьця, што можна раскруціцца і на 411-ы (падаўжэньне зьняволеньня. — РС), і паехаць у крытую турму. Але на практыцы было ўсё ня так дрэнна. Ня так жорстка.

Там усё рэгулюецца правіламі ўнутранага распарадку, іх ня так проста парушыць звонку. Але, вядома, бываюць індывідуальныя пагрозы, калі з пэўным асуджаным працуюць індывідуальна.

Андрэй Чапюк падчас суду

Як кажа Андрэй, захаваць свой уласны распарадак у калёніі дапамагала схема паводзінаў. Ён гаворыць, што абвінавачаныя паводле палітычных артыкулаў за кратамі зьведваюць моцны стрэс, і гэта часам робіцца прычынай таго, што яны паводзяць сябе не зусім адпаведна месцу, у якім знаходзяцца.

— Я стараўся не замінаць нікому, — гаворыць Чапюк. — І каб мне таксама ніхто не замінаў. Паміж «палітычнымі» і «бытавікамі» часта бываюць канфлікты. Гэта здараецца праз тое, што калі адміністрацыя заціскае нейкія гайкі, яна ўскладае адказнасьць за гэта на «палітычных». Маўляў, яны паводзяць сябе няправільна. Хаця гэта ня так, вядома. Адміністрацыя здымае зь сябе адказнасьць такім чынам».

Андрэй гаворыць, што ў зьняволеньні стараўся не падымаць у размовах палітычныя тэмы. Канцэнтраваўся на ўласным здароўі і падтрыманьні фізычнай формы.

— Гэта было зручна, — кажа былы палітвязень. — Такім чынам можна стварыць сабе рэжым дня, неяк лепш сябе адчуваць. Падыходзіць да праблемаў са здаровымі думкамі. Бо калі ўвесь час перажываць, гэта можа адбіцца і на здароўі, і на будучым лёсе. Будзеш дрэнна пачувацца — менш можаш зрабіць. Апусьціць рукі, пайсьці на супрацоўніцтва са сьледзтвам, пагадзіцца з абсурдным абвінавачваньнем.

Я выбраў іншую стратэгію. Падтрымліваў сябе ў тонусе з дапамогай спорту. Для гэтага, як выявілася, трэба няшмат. Я чытаў кнігі, адціскаўся і падцягваўся. Загружаў галаву і цела наколькі мага.

Андрэй прызнаецца, што падчас зьняволеньня пачуваўся нават лепш, чым пасьля вызваленьня. У СІЗА самаадчуваньне было ўвогуле добрым, праз год увязьненьня ў калёніі яно пачало пагаршацца. У родным Нясьвіжы ён ня змог прайсьці абсьледаваньне празь недахоп лекараў. Вызваляўся зь вельмі дрэнным самаадчуваньнем і высокай тэмпэратурай.

Вызваленьне ў кайданках

У дзень вызваленьня ў красавіку 2025 году Андрэя Чапюка замест таго, каб выпусьціць з брамы калёніі, вывезьлі адтуль закутага ў кайданкі на міліцэйскім аўтамабілі. Такім чынам палітвязьня даставілі на допыт у іншай справе. Як гаворыць сам Андрэй, у той момант ён думаў, што на волю пасьля завяршэньня тэрміну можа ня выйсьці.

— Я да апошняга сумняваўся, што мяне вызваляць і ня будуць мець больш ніякіх пытаньняў, — кажа Чапюк. — Яшчэ за месяц да вызваленьня чакаў новай крымінальнай справы. Але не, нічога не было. Усё добра ішло. Але калі мяне вялі да выйсьця з калёніі, то я пабачыў двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа з кайданкамі ў руках.

Яны мне нічога не сказалі. Падумаў, што вязуць у СІЗА ў чарговай справе. Але пасьля мне сказалі, што едзем на сьледчыя дзеяньні, а я там сьведка. Хоць навошта сьведку ў кайданках везьці? Але яны чамусьці вырашылі так зрабіць.

Дома ў Нясьвіжы Андрэй Чапюк моцна зьдзівіўся таму, як усё навокал зьмянілася. Асабліва былога палітвязьня зьдзівіла вялікая колькасьць электрамабіляў і электраровараў навокал.

— І пры гэтым мала людзей, — кажа Андрэй. — Асабліва моладзі. Прыйшлі тэхналёгіі ў Нясьвіж, фастфуды розныя, усё іншае. Але некуды сышла моладзь ад 20 да 35 гадоў. Людзі ў горадзе ці нейкія школьнікі, ці ўжо за 45, каля 50. Моладзь недзе растала. Мяне гэта моцна зьдзівіла.

Андрэй прызнаецца, што пасьля вызваленьня нейкі час быў нібы ў тумане праз хваробу. Стараўся зразумець, што адбываецца вакол, ці чакае яго новая крымінальная справа. Увесь час быў у стрэсавай сітуацыі.

— Зьдзівіла і тое, як шмат увагі да мяне мелі розныя дзяржаўныя органы, — гаворыць Андрэй. — Міліцыя, цэнтар сацыяльнай абароны насельніцтва, сьледчы камітэт. Я думаў, мяне толькі міліцыянты будуць правяраць, толькі прэвэнтыўны нагляд будзе. А тут мяне яшчэ і ў іншыя установы выклікаюць як «асобу, якая можа зьдзейсьніць правапарушэньне». На лекцыі, на размовы.

«Кожнага можна прымусіць зьмяніць думку»

Андрэй Чапюк кажа, што ня меў пляну абавязкова зьехаць з Беларусі пасьля вызваленьня. Ён пэўны час не разумеў, што зь ім адбываецца, як зьмянілася за пяць гадоў Беларусь. Разуменьне таго, што застацца на радзіме і рэалізаваць сябе праз кар’еру і вучобу ён ня зможа, прыходзіла паступова.

— Я не разумею зараз, як там гэта магчыма для мяне, — прызнаецца Андрэй, — калі ў цябе столькі абмежаваньняў. Калі ты ня можаш зрабіць сабе банкаўскую карту, наняць адваката, аформіць даверанасьць. Як там можна жыць? Я ўладкаваўся на працу, як таго ад мяне патрабавала міліцыя. Але мне прыйшлося звольніцца, бо ў банку мне не адкрылі рахунак для заробку.

Беларусы, якіх рэпрэсіі пакуль не закранулі, жывуць прыстасоўваючыся да новых умоваў, гаворыць суразмоўца. Тыя, з кім ён размаўляў пасьля выхаду з калёніі, прызнаюць — жыць у краіне стала цяжэй і горш. Аднак большасьць трымаецца таго, што яшчэ не зусім дрэнна, яшчэ ёсьць ежа ў лядоўні. Нягледзячы на гэта, Андрэй ня лічыць падзеі 2020 году ў Беларусі шкоднымі.

— Яны зрабілі нашае грамадзтва больш сур’ёзным, я б сказаў, — мяркуе суразмоўца. — Больш разьвітым. Калі б ня тыя падзеі, калі б не пандэмія каранавірусу, нашае грамадзтва было б на крок назад. Калі нічога не адбываецца, калі людзі не сутыкаюцца з вострасацыяльнымі падзеямі, яны не разьвіваюцца як грамадзтва.

Таму я гляджу на тыя падзеі толькі ў пазытыўным ключы. Яны шмат далі, шмат паказалі. Калі б усё тое адбывалася раней, то сёньня мы б мелі больш дарослае грамадзтва.

Андрэй кажа, што пяць гадоў, праведзеныя за кратамі па сфабрыкаваным абвінавачаньні, не дазволілі яму расчаравацца ў беларусах. У нейкіх канкрэтных асобах — так. Але не ў людзях агулам.

— Хоць я перагледзеў сваю пазыцыю і ў першым пункце, — кажа былы палітзьняволены. — Беларуская рэчаіснасьць паказвае, што кожнага чалавека можна зламаць. Кожнага можна прымусіць памяняць сваю думку. Гэта проста пытаньне часу і матывацыі таго, хто гэта хоча зрабіць. Добра — мая сытуацыя: я ня маю дзяцей, не залежу ад нечага іншага. Калі нехта трапляе пад ціск, маючы сем’і, то я ўвогуле не разумею, як яны выжываюць.

Што будзе далей адбывацца зь Беларусьсю і беларусамі, Андрэй не бярэцца прадказваць адназначна. Ён кажа, што дзяржаўная лінія ў Беларусі ўжо ня зьменіцца, яна застанецца стабільна жорсткай. Такой, як склалася зараз. А вось з паводзінамі грамадзтва магчымыя варыянты.

— Калі будзе нешта адбывацца, то чым больш крытычныя моманты, тым большай будзе рэакцыя грамадзтва, — кажа Андрэй. — Менавіта ў беларусах я бачу больш пазытыўных момантаў. Пазытыўных настрояў. Я ніколі не расчаруюся ў беларусах.