Филин

Наталля Север

Лаўрухін: «Гэта ўжо сапраўды крык SOS. Яны не ведаюць, як спыніць уцёкі»

Эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін у каментары Филину — пра змены ў Кодэксе аб адукацыі.

Некаторыя лічаць, што змены ў Кодэкс аб адукацыі, якія пачнуць дзейнічаць ужо з 1 верасня, накіраваны на тое, каб ускладніць жыццё палітэмігрантаў, якія выехалі за мяжу, а дзяцей час ад часу адпускаюць да сваякоў у Беларусь.

Эксперт у сферы адукацыі, research director інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэй Лаўрухін мяркуе, што з негатыўнымі наступствамі хутчэй за ўсё сутыкнуцца тыя, хто выязджаў з краіны па сваёй волі па прычынах, не звязаных з палітычнай сітуацыяй.

Ён растлумачыў Филину свой пункт гледжання.

— У 2022 годзе вельмі шмат выпускнікоў школ з’ехалі з краіны, і беларускія ВНУ не далічыліся больш за 5 тысяч абітурыентаў, — нагадаў Андрэй Лаўрухін. — Ужо тады мне было відавочна, што хутка тая ж самая сітуацыя адбудзецца і на ўзроўні школы, на ўзроўні сярэдняй адукацыі.

Андрэй Лаўрухін

І вось мы бачым, што менавіта гэта адбываецца.

Бягуць не толькі студэнты, бацькі імкнуцца вывезці нават дзяцей школьнага ўзросту, бо разумеюць, што ў Беларусі няма перспектыў для моладзі, яны расчароўваюцца ва ўладзе. А хтосьці разумее, што ў гэтай краіне жыць небяспечна. Шмат у каго матывацыя: калі не мы, то хаця б нашы дзеці.

Пры гэтым, калі раней, адпускаючы студэнтаў, яшчэ палохалі думкі, як яны будуць жыць у іншых краінах, зараз бесперспектыўнасць і небяспечнасць заставацца ў Беларусі значна вышэйшыя, чым ад’езд усёй сям'і.

Бо, вядома, што за мяжой людзей чакае шмат цяжкасцей, там трэба працаўладкавацца, знайсці месца, каб дзіця вучылася. Да таго ж там іншая мова, іншыя ўмовы. Але людзі ідуць на гэтыя складанасці, абы не заставацца ў Беларусі.

І вось такія змены ў Кодэкс сведчаць, што ўлады не проста заўважылі праблему, бо яна, відаць, набыла ўражлівыя маштабы, а лічаць сапраўднай пагрозай вываз дзяцей з краіны.

Гэта ўжо сапраўды крык SOS, крык аб дапамозе. Яны не ведаюць, як спыніць тыя ўцёкі. А што, калі застанецца пустэча, бо яны бачаць, колькі праблем зараз у розных галінах эканомікі з-за недахопу спецыялістаў, якія з’ехалі.

Зразумела, яны самі ініцыявалі гэты працэс ад’езду грамадзян. Але зараз вымушаны змагацца з наступствамі.

— Ці сапраўды гэта можа спыніць людзей?

— Зразумела, што не. Тым больш што яны змагаюцца адзінымі вядомымі ім метадамі. На ўсе выпадкі ў беларускіх уладаў зараз адзін набор інструментаў. Гэта ў тым ліку забарона, а Кодэкс забараняе навучанне дзяцей школьнага ўзросту ў іншых краінах.

Там пакуль няма крымінальнага артыкулу, пакуль толькі пагражаюць аднесці сям’ю да нядобранадзейных, прызнаць сацыяльна небяспечнае становішча, узгадваюць так званы СОП.

Але ўсё роўна адразу гаворыцца пра тое, што гэта незаконна. А пакаранні, як мы ведаем, гэта справа тэхнічная. Сёння СОП, заўтра адміністратыўка, а далей дойдзе і да крымінальных артыкулаў.

— Афіцыйна чыноўнікі ад адукацыі тлумачаць прычыну новаўвядзенняў тым, што за мяжой не вывучаюць гісторыю ды геаграфію Беларусі, таксама там няма такога ідэалагічнага і патрыятычнага выхавання.

— Прычына, канешне, смешная. Бо мы бачым, як тысячы беларускіх дзяцей рознага ўзросту пайшлі ў школы ва ўсіх краінах свету, і ўсё ў іх добра і з мясцовай гісторыя, і з ідэалогіяй.

Канешне, гэта не ёсць сапраўдная прычына. Бо сапраўдная, як казаў, крыміналізаваць вываз дзяцей. А на пракладзе таго, што агучваюць яны, можна ўбачыць наколькі далёка ад праўды і рэчаіснасці адыходзяць улады і прапаганда.

Але ж бацькі, да якіх гэта адрасавана, павінны разумець сапраўдны сэнс: калі вы з’едзеце за мяжу, то не вяртайцеся ў краіну, бо тут чакаюць наступствы.

— Аднак бацькі гэта і так разумеюць. На каго наогул тыя пагрозы могуць уздзейнічаць?

— Я б не казаў упэўнена пра ўсіх бацькоў, нават пра большасць. Безумоўна, усё разумеюць людзі, якія з’язджалі з краіны не па сваёй волі. Так, калі яны яшчэ падтрымлівалі сувязь дзяцей з бабулямі і дзядулямі, больш не будуць гэтага рабіць.

А вось астатнія беларускія мігранты, якіх нашмат больш і якія ўжо ўладкаваліся і жывуць дзесьці, яны не чытаюць беларускія навіны і наўрад ці прачытаюць той Кодэкс аб адукацыі.

І вось наступствы могуць чакаць менавіта такіх людзей. У іх дзяцей могуць узнікнуць праблемы пры перасячэнні мяжы, а бацькі нават не зразумеюць, што здарылася.

Ёсць і такі момант. Бацькі, якія толькі задумваліся ці зусім не задумваліся пра ад’езд і нават не ведалі, што ёсць такая праблема, даведаўшыся пра змены ў Кодэкс, спытаюць: а чаму гэта забараняюць вывозіць дзяцей, што гэта можа значыць, раптам яны рыхтуюцца да мабілізацыі ці яшчэ чаго?

І вось па такой логіцы чалавек сапраўды можа задумаецца аб ад’ездзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(25)