«Колькі прыгожых і натхняльных прыкладаў, калі беларусы, незнаёмыя міжсобку, дапамагалі наўзаем!»

Валера Руселік на Budzma.org — пра тое, хто мусіць чысьціць сьнег.

Чаго толькі ні прынёс цыклён Улі ў Беларусь! І даўно ня бачныя завеі, і сумёты, вышэйшыя за галаву, і транспартавы каляпс на замеценых вуліцах — і нават аптымістычную мэтафару да няскоранай Беларусі! Ну, прынамсі для мяне.

А таксама — штрафы за нерасчышчаныя альбо расчышчаныя няправільна паркоўкі, сваркі вакол прыбраных аднымі і адразу ж занятых іншымі месцаў на стаянцы пад домам.

І — пытаньнечка: дык а хто ж, урэшце рэшт, той сьнег мусіць чысьціць?!

Якая краіна, гэткія і «бітлы». Працаўнікі Дзяржкамітэту судовых экспэртызаў таксама выйшлі прыбіраць сьнег. Менск, студзень 2026 г. Фота Instagram: sudexpert_by

З аднаго боку, натуральна, гэта абавязак камунальных службаў. Ну мы ж ім з нашых падаткаў плоцім за гэта заробак — вось няхай і прыбіраюць! А інакш што ж гэта атрымліваецца: мы іх і фінансуем, і за іх працуем? Несправядліва!

Зь іншага боку, аніякая камунальная служба ня дасьць рады стыхіі! Беларуская — зь яе іржавым і напаўжывым аўтапаркам і жабрацкімі заробкамі — і пагатоў!

Менавіта таму грамадзянскі ўдзел у пераадоленьні наступстваў стыхіі — ці то сьнежны буран, ці то ўраган-буралом, ці то яшчэ якая трасца — зьява нармальная і мае месца ня толькі ў нашай краіне, але і распаўсюджаная ў сьвеце. І нават замацаваная заканадаўствам.

Ну гэта, калі хочаце аналёгію, тоесама, як, калі вы ідзеце па вуліцы й бачыце, як нейкі бандыт напаў на іншага чалавека — вы абавязаныя паспрабаваць спыніць злодзея й ня маеце права папросту прайсьці міма. Інакш вашая абыякавасьць расцэньваецца як злачыннае бязьдзеяньне й цягне за сабою адказнасьць перад законам.

Думаю, менавіта з гэткае лёгікі ў Беларусі й дзейнічае абавязаньне для кіроўцаў расчышчаць сьнег вакол свайго аўта на адлегласьці прынамсі мэтар.

Зрэшты, пытаньнечкі ўсё адно застаюцца, праўда? Вось калі кіроўца не ўпарадкуе сваё парковачнае месца — яму штраф, а калі камунальнікі не прыбіраюць там, дзе абавязаныя — ці чакае іх нейкае пакараньне?

Адказ відавочны. Гэтаксама як застаюцца беспакараныя і іншыя дзяржслужбоўцы, якія жывуць за нашыя падаткі і пры гэтым не выконваюць альбо й наагул парушаюць свае непасрэдныя абавязкі.

За гвалт над мірнымі грамадзянамі не адказаў аніводзін садыст у пагонах. Як і аніводзін зь ягоных калегаў, які хай быў і ня біў людзей уласнаруч, але ж і не спыніў тых, хто біў. Злачынна бязьдзейнічаў.

Не былі пакараныя чальцы выбарчых камісіяў, якія дзесяцігодзьдзямі фальшуюць выбары. Судзьдзі, якія штампуюць сталінскія выракі ані ў чым не вінаватым грамадзянам. Прапагандысты, якія адкрыта хлусяць і ліюць тоны нянавісьці з афіцыйных тэлеканалаў.

Спэцслужбісты, якія даўно ператварыліся ў карныя атрады для вайны зь беларускім народам, а не з тэрарыстамі і шпіёнамі. Ненавісьнікі ўсяго нацыянальгага, якія зьнішчаюць помнікі нашым героям, выкідаюць нашых пісьменьнікаў з бібліятэк, пускаюць пад бульдозэр могілкі і гістарычныя камяніцы... Сьпіс непакараных злачынстваў тых, хто кіруе краінаю, можна доўжыць і доўжыць.

Затое ў астатніх грамадзянаў тых абавязкаў — усё больш і больш. Ты і пад’езд сам адрамантуй — дарма што дзесяцігодзьдзямі на капітальны рамонт адлічваеш! І ў школу на бясконцыя новыя фіранкі і шпалеры занясі.

І дарожны падатак не адзін, а тры-чатыры заплаці — і пры гэтым яшчэ і скінься на тое, каб прыехалі камунальнікі і калдобіны жвірам засыпалі. І сьнег вакол машыны разгрэбсьці не забудзься, а то будзе табе ліха!

Урэшце, вось табе яшчэ і тузін суботнікаў, якія мусіш бясплатна адпрацаваць цягам года! Ня можаш працаваць — з уласнага заробку заплаці за гэтыя дні абавязковае неадплатнае — па-сутнасьці, прымусовае — працы!

І тое зрабі, і за гэтае заплаці, давай-давай! Яшчэ! Яшчэ! Працы ня маеш — гыгы, давай плаці, дармаед! Ня ўрад для народу, а народ для ўраду!

Валера Руселік. Зіма 2025-2026. Фота з архіву аўтара

Аднак нават на тле гэткай відавочнай несправядлівасьці немагчыма не прыгадаць цудоўную беларускую традыцыю дапамагаць адзін аднаму ў бядзе і патрэбе — талаку. Традыцыю, якая, ня гледзячы ані на што, працягвае жыць.

Колькі прыгожых і натхняльных прыкладаў — нават у часе гэтага цыклёну Улі — калі беларусы, незнаёмыя міжсобку, дапамагалі наўзаем!

Без загадаў і прымусу, без пагрозаў штрафамі — папросту таму, што дапамагаць — гэта нармальна, гэта добра, гэта слушна.

Гэта — па-гаспадарску. Калі адчуваеш сваю ўласную адказнасьць за свой двор, сваю вуліцу, сваё места і сваю краіну. Тое пачуцьцё, якое ў нас гэтак зацята намагаюцца забраць. І якое, аднак, жыве. І дае надзею, што аднойчы, калі мы зноўку станем сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі і ў сваёй Беларусі, больш аніякія стыхіі нам будуць ня страшныя.

Дамо рады! Таму што мы — беларусы!

Средний балл 4.9(139)