Политика

Юлія Кот

Казакевіч: «Напэўна, беларускім уладам вельмі хацелася б прыняць такі саміт, але каб заплаціць за гэта менш»

Палітолаг у інтэрв’ю «Салідарнасці» разважае пра тое, чаму Мінск наўрад ці зноў стане пляцоўкай для перамоў пра вайну і мір ва Украіне.

Сустрэча Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на Алясцы выглядала як палітычнае шоу і кірмаш пыхлівасці, па заканчэнні якога асадак застаўся, а вось лыжачкі — хоць нейкія канкрэтныя дамоўленасці наконт спынення вайны ва Украіне — так і не знайшліся.

Затое напярэдадні гэтага саміту на авансцэну нечакана для многіх зноў выйшаў Аляксандр Лукашэнка: прэзідэнт ЗША пагутарыў з ім па тэлефоне, прычым падчас размовы ўздымалася пытанне вызвалення 1300 чалавек і прагучала запрашэнне Трампу наведаць Мінск.

Ці можа гэта быць сігналам, што пляцоўкай для наступнага раўнду перамоў стане Беларусь, і ці гэта цана вызвалення з-за кратаў беларускіх палітвязняў? «Салідарнасць» працягвае абмяркоўваць гэтае пытанне з аналітыкамі.

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч ацэньвае перспектывы «мінскага саміту» скептычна.

Андрэй Казакевіч

— Мне падаецца, гэта малаверагодна, — зазначае палітолаг у каментары «Салідарнасці», — бо Беларусь нязручная ў якасці перамоўнай пляцоўкі. Гэта, відавочна, тэрыторыя, якая знаходзіцца пад кантролем Расіі, і для Украіны і для Еўропы гэта будзе вельмі кепска з іміджавага боку — весці перамовы на тэрыторыі праціўніка больш выглядае на капітуляцыю.

Другі момант — што могуць узнікнуць пытанні, звязаныя з бяспекай у шырокім сэнсе. Наколькі яна можа быць гарантаваная для ўдзельнікаў — напрыклад, што да канфідэнцыйнасці, выканання ўсіх неабходных працэдур і г.д.?

Акрамя таго, ёсць праблема з тым, што еўрапейская паветраная прастора закрытая для Беларусі, таму трэба прадумваць, якім чынам усё гэта можа быць арганізавана.

А паколькі само па сабе месца — гэта не нешта прынцыповае і вырашальнае для перамоў, я думаю, што па сукупнасці фактараў такая сустрэча, калі яна і адбудзецца, то ў іншай краіне. Бо ўскладняць і без таго напружаны фармат стасункаў яшчэ і нязручнай, прынамсі для аднаго з бакоў, перамоўнай пляцоўкай, будзе залішне.

Ці могуць быць вызваленыя 1300 палітзняволеных, так бы мовіць, у абмен на мірныя перамовы ў Мінску? На гэты конт Андрэй Казакевіч таксама выказвае сумнеў.

— Не зусім лагічна гэта выглядае, — гаворыць палітолаг.

Асноўная праблема для беларускай улады зараз — не міжнароднае прызнанне, не імідж ці нешта такое, а санкцыі. І такі актыў, як палітзняволеныя, яны хацелі б (і гэта неаднаразова агучвалася) скарыстаць для таго, каб адбылося зняццё санкцый, поўнае ці частковае. Наколькі можна зразумець, у рознага кшталту кантактах і перамовах гэта быў асноўны тупік.

А проста так аддаць усё за тое, каб на дзве-тры гадзіны, ці восем, ці нават дваццаць гадзін, у Мінск прыехалі сусветныя лідары і пасля гэтага з’ехалі — выглядае не зусім адпаведна маштабам праблем, якія стаяць перад Беларуссю.

Напэўна, беларускім уладам вельмі хацелася б прыняць такі саміт, але каб заплаціць за гэта менш і не звязваць з вызваленнем усіх палітвязняў. Магчыма, у нейкай іншай прапорцыі. Не выключаю, што на гэты конт працягваюцца перамовы, калі беларускія ўлады не адмовіліся ад ідэі выкарыстоўваць палітзняволеных дзеля зняцця санкцый.

— На ваш погляд, ці можа адбыцца ў Мінску сустрэча ва ўсечаным фармаце, толькі Трампа і Пуціна, і ці можа рэжым выпусціць з вязніцы знакавых вязняў, прынамсі, Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага?

— Зараз не бачна прычын і неабходнасці ладзіць новую сустрэчу Пуціна і Трампа. Першая такая сустрэча прайшла, прычым, можна меркаваць, не зусім паспяхова: была вельмі скарочаная праграма, адменены абед, які планаваўся, не было нармальнай прэс-канферэнцыі, толькі кароткія заявы — гэта значыць, што ўвогуле павестка была вельмі кароткай, не так шмат што было абмяркоўваць.

Для наступнай такой размовы мусіць прайсці час, каб з’явілася гэтая павестка. У бліжэйшыя тыдні, нават месяцы, патрэбы ў новай сустрэчы не праглядаецца. Што далей — будзе вызначацца ў нейкіх іншых фарматах.

І ў прынцыпе, абмяркоўваць расійска-амерыканскія стасункі на беларускай тэрыторыі — таксама не зусім зразумела, навошта. Першая сустрэча была зладжаная на тэрыторыі Злучаных Штатаў — дыпламатычныя правілы патрабуюць, каб наступная была праведзеная на тэрыторыі Расіі.

— Тады навошта напярэдадні расійска-амерыканскага саміту было тэлефанаванне Трампа Лукашэнку і публічныя кампліменты на адрас апошняга?

— Цяжка рабіць высновы, не маючы інсайдарскай інфармацыі пра механіку арганізацыі гэтай размовы. Але тут трэба разумець некалькі рэчаў.

Па-першае, Трамп не сквапны на ўсякія сімвалічныя крокі, што тычыцца аўтарытарных лідараў. Мы ведаем, напрыклад, што ў першую сваю кадэнцыю ён некалькі разоў сустракаўся з кіраўніком Паўночнай Карэі. Зараз сустрэўся з Пуціным, апладзіраваў таму, чырвоную дывановую дарожку пасцялілі — усё на найвышэйшым узроўні.

Што да рэверансаў у бок беларускай улады — на маю думку, гэта, з аднаго боку, адказ на нейкія ініцыятывы, якія зыходзілі з Мінска, а з другога — сымбалічны жэст Трампа. Разлік, напэўна, быў такі: мы не робім ні фінансавых укладанняў, ні значных палітычных крокаў, якія мелі б наступствы — проста «пагладзім», і за гэта нешта атрымаем.

Па-другое, у апошнія месяцы беларускія ўлады актыўна падавалі сябе як нейкі канал уплыву на Пуціна, нейкі дадатковы шлях для абмену інфармацыяй, экспертызы, выпрацоўкі фарматаў стасункаў і гэтак далей.

Таму калі у гэтым быў нейкі функцыянал з боку ЗША, то гэта выглядае як частка мерапрыемстваў па падрыхтоўцы сустрэчы <на Алясцы>: а раптам атрымалася б даведацца што-небудзь новае, штосьці цікавае?

Магчыма, адміністрацыя Трампа адчувала, што можа згуляць на такой размове, якая Мінску відавочна спадабаецца, ці той нават сам сфармуляваў такія чаканні. Але ж, як і шмат у чым, што робіць Трамп — трэба глядзець, ці будзе гэта мець рэальныя наступствы. Таму што заявы, жэсты, кампліменты амерыканскага прэзідэнта не тое каб шмат што значаць самі па сабе.

Не абавязкова пасля гэтага адбудзецца змена палітыкі Злучаных Штатаў, і гэта не значыць, што беларускія ўлады разглядаюцца як значны суб’ект у перамоўным працэсе.

Каштоўнасць чыста сымбалічных дзеянняў для Трампа — велічыня нестабільная, і хутчэй нізкая. Усе рэверансы — дастаткова сітуатыўныя рэчы, якія можна даць, а можна забраць у любы час і выкарыстоўваць для бягучых палітычных патрэбаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)