Карбалевіч: «Гасьцям зладзілі экскурсію па Эрмітажы. Гэта і ёсьць галоўны пункт праграмы?»
Валер Карбалевіч на Радыё Свабода — пра сьціплыя вынікі самітаў у Санкт-Пецярбургу.

Высьвятляецца, што лідэры постсавецкіх дзяржаў ня хочуць паглыбленьня інтэграцыі. Яна дайшла да нейкай мяжы, столі, і далей ня рухаецца.
Як можна зразумець, далейшы рух па гэтым шляху патрабуе стварэньня наднацыянальных органаў, што абмяжоўвала б сувэрэнітэт краін-удзельнікаў. А на гэта яны, акрамя Расеі, не гатовыя.
Тры тыдні таму лідэры постсавецкіх краін сустракаліся ў Кіргізстане на саміце АДКБ. І вось зноў сабраліся. Гэтым разам у Санкт-Пецярбургу. Фармальна гэта лічыцца самітам ЭАЭС і СНД. А ў рэальнасьці — традыцыйная пераднавагодняя сустрэча, якую зьбірае Уладзімер Пуцін кожны год. Каб лішні раз убачыць, як кіраўнікі постсавецкіх краін дэманструюць сваю ляяльнасьць Расеі.
У 2025 годзе Беларусь старшынявала ў ЭАЭС. І выступ Аляксандра Лукашэнкі быў падобны на пэўную справаздачу. Нягледзячы на перадсьвяточны настрой, ён вырашыў апавесьці пра рэальны стан рэчаў у гэтым эканамічным саюзе. І зь ягонага выступу вынікае, што сытуацыя там ня вельмі добрая.
Лукашэнка кажа:
«Мы пераглядаем базавыя дамоўленасьці 2014 году, зафіксаваныя ў дамове аб саюзе. Пераносім тэрміны фарміраваньня агульных энэргетычных рынкаў, лекавых сродкаў і мэдычных вырабаў, канстатуем негатоўнасьць усіх краін далучыцца да адзінага фінансавага рынку», — падкрэсьліў ён.
Гаворка пра тое, што ў 2014 годзе краіны-чальцы ЭАЭС дамовіліся аб пераходзе да 1 студзеня 2025 году да агульнага рынку нафты, нафтапрадуктаў і газу.
Папросту кажучы, з пачатку гэтага году Беларусь павінна была атрымоўваць расейскі газ і нафту па ўнутрырасейскіх цэнах. Гэта было адным з галоўных стымулаў для афіцыйнага Менску ўступіць у гэтую арганізацыю.
Аднак Расея адмовілася ад выкананьня згаданай угоды, і пад яе ціскам вырашэньне гэтага пытаньня перанесенае ў няпэўную будучыню. Таму Лукашэнка з горыччу канстатаваў, што тыя пытаньні, аб якіх дзяржавы–члены ЭАЭС задумваліся ў 2014 годзе, паступова адыходзяць на другі плян або зашмальцоўваюцца.
Лукашэнка зьвярнуў увагу, што да праблем з бесьперашкодным перамяшчэньнем тавараў ва ўзаемным гандлі дадаюцца новыя.
«Аднабаковае закрыцьцё нацыянальных рынкаў ажыцьцяўляецца ўжо ня толькі традыцыйнымі спосабамі, як гэта ў нас было раней — забарона ўвозу-вывазу або ліцэнзаваньне. Для гэтага прыстасоўваюцца інструмэнты лічбавізацыі», — адзначыў ён.
То бок не функцыянуе ня толькі эканамічны саюз, але нават зона вольнага гандлю існуе зь вялікімі выняткамі.
Высьвятляецца, што лідэры постсавецкіх дзяржаў ня хочуць паглыбленьня інтэграцыі. Лукашэнка папракае сваіх калегаў:
«Над плянам мерапрыемстваў па выкананьні дэклярацый да 2030 і 2045 гадоў працавалі з асьцярогай — як бы не паглыбіцца ў гэтую інтэграцыю. Насьпявае лягічнае пытаньне: ці захоўваюць краіны ранейшую гатоўнасьць дабівацца мэт, аб’яўленых пры падпісаньні Дагавора аб ЭАЭС?»
Відавочна, інтэграцыя дайшла да нейкая мяжы, столі, і далей ня рухаецца. Як можна зразумець, далейшы рух па гэтым шляху патрабуе стварэньня наднацыянальных органаў, што абмяжоўвала б сувэрэнітэт краін-удзельнікаў. А на гэта яны, акрамя Расеі, не гатовыя.
Навошта ж тады лідэры краін-удзельніц ЭАЭС так часта зьбіраюцца на розныя тусоўкі? Лукашэнка патлумачыў, што яны ў асноўным займаюцца драбязой.
— На нашым мінулым пасяджэньні мы дамовіліся, што старшыня Калегіі прадставіць справаздачы аб рэалізацыі стратэгіі — 2020-2025. Замест гэтага — інфармацыя ў рамках агульнага выступленьня кіраўніка камісіі. Мы толькі на абмеркаваньне ўзроўню зарплаты камісіі за гэтыя пяць гадоў выдаткавалі часу ў дзесяць разоў больш. А шэраг найважнейшых пытаньняў, якія пяць гадоў таму мы дамаўляліся вырашаць, так і застаюцца ў праекце.
Але цяпер зьявіўся новы чыньнік, які пэўным чынам яднае ЭАЭС і прыцягвае ягоных чальцоў да Расеі. Пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый адносна Расеі і Беларусі, іншыя краіны-сябры эканамічнага саюзу (Казахстан, Кіргізстан, Армэнія), карыстаючыся адсутнасьцю мытных межаў, актыўна ажыцьцяўляюць транзыт падсанкцыйных тавараў у Расею, Беларусь і ў зваротным кірунку. І добра на гэтым зарабляюць. У сусьветных мэдыя шмат інфармацыі пра тое, як у згаданых краінах моцна вырас экспарт і імпарт тавараў, якія дасюль не былі прадметамі іхняга гандлю.
У Санкт-Пецярбургу прайшлі чарговыя перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным. Мінулым разам яны сустракаліся тры тыдні таму ў Кіргізстане. Што адбылося за гэты час? — Візыт амэрыканскай дэлегацыі ў Менск на чале з Джонам Коўлам. Пуцін, мусіць, хацеў атрымаць ці то інфармацыю, ці то справаздачу, ад саюзьніка.
Інфармацыі пра саміт СНД практычна няма. Апавядалася толькі, што гасьцям зладзілі экскурсію па Эрмітажы. Гэта і ёсьць галоўны пункт праграмы?..
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное