Общество

«Каб застацца на працы, недастаткова проста не высоўвацца і не выказвацца супраць улады»

Наша Ніва пацікавілася, ці спынілася хваля звальненняў нелаяльных рэжыму Лукашэнкі на Гродзеншчыне.

«Гродна-Азот»

Прадпрыемства ў 2020 годзе было адным з самых пратэсных у краіне, таму звальненні па палітычных матывах працягваюцца нават праз пяць гадоў пасля выбараў.

Чалавек, знаёмы з сітуацыяй у заводакіраванні, кажа, што не так даўно звальнялі тых, каго адшукалі сярод удзельнікаў аднаго з пратэсных маршаў, і чалавека з каманды Віктара Бабарыкі.

Аднак, паводле слоў крыніцы, колькасць такіх звальненняў апошнім часам невялікая. Суразмоўца звязвае гэта перш за ўсё з тым, што многіх нелаяльных за пяць гадоў ужо даўно звольнілі.

Раней на заводзе актыўна высвятлялі, у каго з супрацоўнікаў ёсць карта паляка. Цяпер гэтым менш займаюцца. За наяўнасць карты паляка з працы не звальняюць, але новы кантракт не падпішуць.

Пры прыёме на працу, як і раней, праводзіцца праверка. Калі ёсць мінімальныя зачэпкі па лініі 2020 года, то на працу, прынамсі ў адміністрацыйную частку завода, не возьмуць.

Што тычыцца звычайных рабочых на галаўным заводзе і даччыных прадпрыемствах, то ўзровень патрабаванняў крыху ніжэйшы. Вядома пра выпадкі, калі на працы пакідаюць тых, каго, напрыклад, судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Калі іншых «грахоў», акрамя карты паляка, няма, то на некаторыя вакансіі людзей прымаюць.

ГрДУ імя Янкі Купалы

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце таксама працягваюць звальняць — дакладней, не працягваць кантракты — недастаткова лаяльным выкладчыкам.

Са слоў чалавека, знаёмага з сітуацыяй, гэтую практыку не спыняюць нават нягледзячы на недахоп выкладчыкаў.

Крыніцы вядома адразу пра некалькі калег, якія не выйдуць на працу з 1 верасня з-за таго, што ім не працягнулі кантракт з-за палітычных прычын.

Суразмоўца адзначае, што цяпер, каб застацца на працы, недастаткова проста не высоўвацца і не выказвацца супраць улады ці адміністрацыі ўстановы. Трэба яе гучна падтрымліваць.

Пэўнай катэгорыі супрацоўнікаў кантракт падпісваюць толькі на год, каб трымаць іх «у тонусе».

«Гроднааблгаз»

Выяўляць нелаяльных супрацоўнікаў працягваюць і ў «Гроднааблгазе». Хоць за столькі гадоў ужо амаль не засталося людзей, на якіх можна адшукаць кампрамат.

У арганізацыі ёсць спецыяльныя супрацоўнікі, якія пільна сочаць за паводзінамі работнікаў — наколькі актыўна тыя прымаюць удзел у розных праўладных мерапрыемствах, што посцяць у сацыяльных сетках.

Калі чалавек «недастаткова патрыятычны», то пры падаўжэнні кантракту могуць узнікнуць дадатковыя пытанні.

Суразмоўца з картай паляка, які нядаўна ўладкаваўся на працу кіроўцам, распавёў, што для большасці дзяржаўных прадпрыемстваў наяўнасць карты паляка не была перашкодай яго ўзяць. Аднак калі размова ідзе пра ўладкаванне ў органы ўлады ці сілавыя структуры, то там казалі, што без адмовы ад карты не прымуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(4)