Общество

«Еўралайнс» адмяняе 75% рэйсаў паміж Мінскам і Вільняй

Большасць пасажыраў, якія былі павіны ехаць «Еўралайнсам» з Беларусі ў Літву ці назад 12 жніўня, атрымалі паведамленні, што іх рэйсы адменены. На іншыя даты адмены ўжо таксама сыпяцца.

Стала вядома, што на 12 жніўня буйны перавозчык «Еўралайнс» адмяніў 20 рэйсаў з 26 паміж Беларуссю і Літвой. Засталіся толькі рэйсы з Мінска ў Вільню на 14.20, 16.00 і 20.00, а таксама з Вільні ў Мінск на 6.40, 9.00 і 13.00.

Пасажыры, які мелі квіткі на іншыя рэйсы, ужо пачалі атрымоўваць паведамленні аб адмене. Як стала вядома Нашай Ніве, тычыцца гэта не толькі рэйсаў на 12 жніўня. Людзям, якія мелі квіткі на 13 жніўня, таксама прыходзяць паведамленні аб адмене.

Афіцыйная прычына такой сітуацыі пакуль не агучваецца. Тыя, каму пашанцавала звязацца са службай падтрымкі, атрымалі ветлівы адказ, што перавозчык робіць усё магчымае для таго, каб выправіць сітуацыю. Але калі колькасць рэйсаў «Еўралайнсу» будзе адноўлена і ці адбудзецца гэта ўвогуле, невядома.

Анлайн-сэрвіс продажу квіткоў Infobus абяцае, што грошы за квіткі на адмененыя рэйсы вернуць у 100% аб'ёме. Але тых, каму тэрмінова трэба трапіць на самалёт, каб адляцець з Вільні ў адпачынак, ці, наадварот, вярнуцца з Еўрасаюза ў Беларусь, гэта суцяшае мала.

У памежных чатах абстаноўка нервовая. «Тут не паніка, тут інфаркт, — напісала адна з жанчын. — За 2,5 гадзіны даведалася пра адмену, добра, што на вакзал не паехала, а села з папутчыкам да Вільні».

Цяпер найбліжэйшая дата, на якую пакуль яшчэ можна набыць квіткі з Мінска ў Вільню без перасадак, — 16 жніўня. З Вільні ў Мінск пакуль ёсць варыянты нават на вечар 12 жніўня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(4)