Дэмарш дэлегатаў Каардынацыйнай рады – нагода задумацца пра пэрспэктывы дэмакратыі ў Беларусі будучыні

Выхад са складу Каардынацыйнай рады васьмі дэлегатаў цягам кастрычніка — паказьнік працягу крызісу ў дэмакратычных сілах, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Архіўнае фота: «Белсат»

Хто і чаму сышоў з Каардынацыйнай Рады?

На працягу кастрычніка са складу Каардынацыйнай рады (КР) выйшлі 8 дэлегатаў: Аляксандар Кныровіч (фракцыя «Беларусы»), Вольга Карпушонак («Хопіць баяцца») і 6 чальцоў фракцыі «Воля» — Аляксандар Кабанаў, Генадзь Манько, Аляксандар Клачко, Дзьмітры Баранаў і Віталь Пацехін.

Чальцы фракцыі «Воля» сышлі з прычыны нежаданьня Рады падтрымаць іх прапанову аб абавязковым праходжаньні дэлегатамі КР праверкі на паліграфе. Аднак, як заявіў Кабанаў, вынікі галасаваньня па гэтай прапанове сталі «апошняй кропляй». З чаго можна зрабіць выснову, што былі і іншыя, папярэднія.

Карпушонак сышла, таму што Рада не падтрымала яе ў канфлікце з Паўлам Латушкам пасьля абвінавачваньняў на адрас апошняга ў сэксуальных дамаганьнях.

Кныровіч патлумачыў сыход асабістымі прычынамі, але суправадзіў разьвітаньне рэзкай крытыкай працы Рады, заявамі пра маргіналізацыю самой структуры і адсутнасьцю сэнсу ў яе дзейнасьці.

Відавочная выснова з амаль аднамомантнага сыходу з Рады дзясятай часткі яе чальцоў — што гэта яшчэ адна праява агульнага крызісу, які назіраецца ў дэмакратычных сілах.

Аднак варта зьвярнуць увагу на пэўныя асаблівасьці гэтай праявы. За выключэньнем Карпушонак асобы, якія пакінулі шэрагі Рады, належалі да фракцыяў, што не ўваходзілі ў «кааліцыю большасьці», якой «жалезнай рукой» кіруе Павал Латушка.

І выглядае, што сапраўдная прычына іх сыходу — незадавальненьне тым, як гэтае кіраваньне ажыцьцяўляецца, вострыя супярэчнасьці з «кааліцыяй большасьці». Кныровіч пра гэта заявіў адкрыта, іншыя — ускосна, але размова, гледзячы па ўсім, ідзе менавіта пра гэта.

Каардынацыйная рада і парлямэнт свабоднай Беларусі

Тут напрошваецца аналёгія з байкотам працы парлямэнту Грузіі, які цяпер практыкуюць апазыцыйныя фракцыі. Там прычынай называюцца фальсыфікацыі вынікаў выбараў кіроўнай партыяй, але па сутнасьці матыў — катэгарычная нязгода з палітыкай большасьці.

Латушку ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў не абвінавачваюць, але ў тым, што ён падмяў КР пад сябе і пад Аб’яднаны пераходны кабінэт на чале з Сьвятланай Ціханоўскай — абвінавачваюць і гучна.

І гэтая сапраўдная прычына дэмаршу з выхадам са складу КР яе чальцоў — нагода паразважаць пра пэрспэктывы дэмакратыі ў будучай Беларусі.

Зразумела, што КР — не паўнавартасны парлямэнт Беларусі. У яго абраньні ўзялі ўдзел усяго 6723 беларусы, ніякай рэальнай улады над краінай ці хаця б над дыяспарай Рада ня мае.

Тым ня менш гэта — «трэнажорная заля» парлямэнцкай дэмакратыі. І адначасова — да пэўнай ступені мадэль, эскіз таго, якім можа быць ужо паўнавартасны парлямэнт свабоднай Беларусі.

Фракцыя «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“» не атрымала абсалютнай большасьці на выбарах. «Кааліцыю большасьці» Латушка здолеў сфармаваць дзякуючы сваім палітычным здольнасьцям і ўменьню дамаўляцца.

І потым сваё дамінаваньне ў КР ён усталяваў, перагуляўшы палітычна дасьведчаных знаўцаў дэмакратычных працэдураў. Перагуляўшы, можна меркаваць, не ў апошнюю чаргу дзякуючы свайму вопыту шматгадавага спрактыкаванага апаратчыка рэжыму Лукашэнкі.

Той досьвед — не адно здольнасьць выконваць загады і чыніць рэпрэсіі. Але і гуляць у палітычныя гульні. І перамагаць у іх.

У Беларусі вельмі папулярныя меркаваньні пра тое, што парлямэнцкая форма кіраваньня — гэта гарантыя ад адзінаўладзьдзя, што ўсе беды аўтарытарызму ў краіне — ад таго, што ў 1994 годзе ўвялі прэзыдэнцтва.

Колькі Латушкаў будзе ў парлямэнце свабоднай Беларусі?

Але гісторыя «трэнажорнай залі», КР трэцяга скліканьня, паказала, што на гарантыі парлямэнцкай формы кіраваньня ня варта надта спадзявацца.

Калі гэтак адбылося ў КР, чаму не адбудзецца і ў новай, свабоднай Беларусі? Ні з чаго не вынікае, што там ня будзе людзей з апаратным досьведам палітычных манэўраў, можа нават і больш спрактыкаваных у гэтым майстэрстве, чым Латушка.

Гэта могуць быць і тыя, хто ў іншых абставінах «пяройдзе на бок народу», як зрабіў гэта Латушка ў 2020 годзе. Альбо сыстэма наогул памяняецца не настолькі, каб даводзілася пераходзіць. У 1991 годзе камуністычная сыстэма абрынулася па ўсім СССР. Аднак Беларусьсю і пасьля збольшага кіравалі гадаванцы той сыстэмы.

Ні з чаго не вынікае, што тое самае не адбудзецца пасьля таго, як цяперашняя сыстэма Лукашэнкі сыдзе ў мінулае.

Спадзеў збольшага на тое, што новыя ўмовы будуць мяняць правілы гульні, што гэтыя новыя правілы будуць усталёўвацца ў барацьбе.

Дык на тое ж былі спадзевы і адносна «трэнажорнай залі» беларускай дэмакратыі — Каардынацыйнай рады.

І ў сьвятле гэтых спадзеваў дэмарш васьмі дэлегатаў КР выклікае асаблівы сум, большы, чым нават іншыя гучныя скандалы.

Большы таму, што іх дэмарш — канстатацыя таго, што ім навучаньня ў гэтай «школе дэмакратыі» хапіла, што прымусіць улічваць свае меркаваньні яны ня здолелі і страцілі нават надзею на посьпех у гэтай справе.

Байкоты вельмі рэдка прыносяць плён у палітыцы. Дарэчы, зусім невідавочны плён байкоту грузінскай апазыцыяй тамтэйшага парлямэнту. Народ там не падняўся і ня зрынуў уладу. Дакладней, падняўся, але ўлада ўтрымалася. У выніку байкот стаў адно паказьнікам глыбокай палярызацыі грамадзтва, але не пралёгам посьпеху апазыцыі.

Гэтак жа і дружны сыход дэлегатаў КР наўрад ці зьменіць да лепшага як працу гэтай структуры, гэта і сытуацыю ў дэмсілах у цэлым. Яшчэ адзін раскол, падзел, магчыма, са стварэньнем новых, ужо «правільных», без «дыктатуры Латушкі», структураў. Дэфіцыту ў іх беларусы і без таго неяк не адчувалі. А калі і тыя новыя структуры таксама пачнуць дзяліцца і далей...

І ізноў жа — а чаму ў будучыні, у свабоднай Беларусі, не паўторыцца тое самае?

А што цяпер застанецца ад Каардынацыйнай рады? Ды ўсё ў парадку ў ёй будзе. Вонкава, прынамсі. Большасьць дэлегатаў у яе складзе засталася, «кааліцыя большасьці», кіраваная Латушкам, будзе мець цяпер яшчэ большую долю галасоў у сувязі з сыходам апанэнтаў.

Але крызіс у шэрагах дэмсілаў, выглядае, будзе адно паглыбляцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(26)