Словам, з Трампам альбо бяз Трампа, але ЗША сыходзілі б з эўрапейскага кантынэнта, абмежаваўшыся Заходняй паловай зямнога шару.
«Цяперашнія перамены — самыя буйныя пасьля Другой сусьветнай вайны, і мы толькі ў пачатку актыўнай фазы»
Публіцыст Сяргей Навумчык – пра будучыню сьвету і месца Беларусі ў ёй.
– Слова, якім найбольш ёміста можна ахарактарызаваць маштаб цяперашніх геапалітычных зьменаў — тэктанічныя, – піша Навумчык. – Пры тэктанічных працэсах на паверхні Зямлі рухаюцца і перасоўваюцца кантынэнты, гэта займае мільёны гадоў — у геапалітыцы зьмены часта ўмяшчаюцца ў чалавечае жыцьцё.
Цяперашнія перамены — самыя буйныя з часоў пасьля Другой сусьветнгай вайны, і мы толькі ў пачатку іх актыўнай фазы.

Сьвет сапраўды ня будзе аднапалярным: дамінаваць будуць ЗША і Кітай. Пры гэтым Вашынгтон згубіў гістарычную магчымасьць, якая ў яго была ў 90-я, правесьці дэмакратычную трансфармацыю былых савецкіх рэспублік і зьвесьці Расею да ролі, у якой яна не пагражала б суседзям і ўяўляла б сабой агламэрат з большага дэмакратычных дзяржаў.
Замест таго, каб пазбавіць Маскву ядзернай зброі, боегалоўкі з Беларусі, Украіны і Казахстану пад ціскам ЗША былі вывезеныя ў РФ. Ельцын выявіў відавочнае скупердзяйства, не перадаўшы канфіскаваны ў свой час у сям’і Брэжнева ордэн «Победа» Білу Клінтану.
ЗША ня справіліся з роляй «добрага паліцыянта» (а шкада). Сёньня, пры ўсёй сваёй фінансавай, тэхналягічнай і навуковай магутнасьці, ЗША ўжо (чыста эканамічна) ня могуць утрымліваць «абаронны парасон» і над Эўропай (пра тое, што эўрапейскія лідары змарнавалі дзесяцігодзьдзі, не выдаткоўваючы на абарону хаця б мізэрныя 2%, сказана шмат, ня буду паўтарацца).
Іншая справа, што рабіць гэта з грацыёзнасьцю слана ў пасуднай лаўцы, як гэта робіць Трамп — усё роўна, як бы годзе ў 1942 на месца Рузвэльта прыйшоў іншы прэзыдэнт і аднамомантна спыніў бы ўсю дапамогу эўрапейскай частцы антыгітлераўскай кааліцыі, патлумачыўшы (абсалютна справядліва, дарэчы), што Вялікабрытанія, Францыя і СССР самі вырасьцілі нацысцкага монстра Гітлера.
Аксыёма, што без амэрыканскай ваенна-тэхнічнай дапамогі перамогі над Трэцім Рэйхам не было б. Вось у гэтым сэнсе Трамп і ягоная адміністрацыя руйнуюць і без таго хісткі балянс і, жадаючы таго ці не, працуюць на інтарэсы Крамля (між іншым, два вырабленых у свой час ордэны «Победа» так і не былі нікому ўручаныя, захоўваюцца ў сховішчы. Пакуль што).
Нарэшце, ЗША (як і Вялікабрытанія і Францыя) абавязаныя абараняць Украіну паводле Будапэшцкакга мэмарандуму. Ніхто і ніколі не пераканае мяне ў тым, што дакумэнт у назове якога ёсьць слова «гарантыі», не павінен успрымацца ў такой якасьці.
Што будзе ў ЗША? Думаю, у бліжэйшыя гады амэрыканцы засяродзяцца на сваіх унутраных праблемах у значна большай ступені, чым рабілі гэта раней, што ў пэрспэктыве паспрыяе росту жыцьцёвага ўзроўню. У зьнешняй палітыцы Вашынгтон наросьціць супрацьстаяньне з Кітаем.
Канешне, было б ідэальна, каб трэцім «цэнтрам сілы» (акрамя ЗША і Кітаю) стала Эўропа (пры такім варыянце ў Беларусі было б больш шанцаў). У эўрапейцаў для гэтага ўсе магчымасьці, як і для стварэньня боездольнага войска (атамны флот Вялікарытаніі і Францыі, прамысловыя магутнасьці Нямеччыны, той жа Францыі і Італіі). Усё ў Эўропы ёсьць, акрамя аднаго — палітычнай волі.
Эўрапейцы прызвычаіліся да расслабленага, заможнага жыцьця і ня хочуць ахавяраваць хаця б дзясятай часткай свайго бюджэту на абарону. Шкада.
Эўропа будзе слабець, яе будуюць разьдіраць як унутраныя праблемы, гэтак і зьнешнія.
Расея, у распадзе якой не зацікаўленыя ЗША незалежна ад таго, хто гаспадарыць у Белым доме, захавае гэбісцкі характар праўленьня і будзе сатэлітам Кітаю. Тым, хто бачыць у Кітаі рухавік прагрэсу, нагадаю, што кампартыя там ня страціла кіруючых пазыцый, а тэрыторыі па-сутнасьці канцэнтрацыйных лягераў (напрыклад, для ўйгураў) роўныя памерам невялікай эўрапейскай краіны.
Расстраляе цябе НКВДзіст, ад якога нясе перагарам, ці зроблены па апошнім слове ІТ-тэхнікі і дызайну робат — невялікая розьніца, пагадзіцеся.
Якое ж месца Беларусі ў такой пэрспэктыве?
«Беларусы не скарысталіся гэтым шанцам» — казаў пра пачатак 90-х Васіль Быкаў. Я шмат разважаю, калі была пяройдзена «лінія незвароту», і прыходжу да высновы, што гэта 1992 год (1994 — толькі вынік 92-га), калі Шушкевіч пусьціў пад адхон ініцыятыву БНФ пра нечарговыя парлямэнцкія выбары.
Гэта была правільная ініцыятыва: новая дзярэжава — новая ўлада. Сам Шушкевіч да гэтага дадумаўся, альбо яму падказалі — але тая палітычная актыўнасьць народа, якая была ў пачатку 92-га, калі мы зьбіралі подпісы пад выбары, увосень 1992, калі нарэшце Шушкевіч пагадзіўся разгледзіць пытаньне на сэсіі, з прычыны рэзкага эканамічнага і сацыяльнага пагаршэньня сышла на нішто, і ў дні сэсіі БНФ удалося сабраць перад Домам ураду толькі менш за тысячу чалавек.
У нейкай дыскусіі днямі прачытаў, што «Пазьняк ня вывеў у абарону ідэі выбараў народ». Пазьняк, як і ўсе дэпутаты Апазыцыі БНФ, якраз заклікалі людзей прыйсьці — але людзі не пайшлі (разьлік Шушкевіча аказаўся правільны).
Літоўцы ў 1991 суткамі стаялі на марозе ў абарону парлямэнта ад маскоўскіх дэсантнікаў, месяцамі цярпелі ў прамёрзлых кватэрах эканамічную блякаду Масквы. У Менску трэба было хоць тры дні пастаяць на плошчы ў не такім ужо і халодным кастрычніку 92-га — але ў амаль двухмільённым горадзе адгукнулася толькі тысяча.
Як гэта ні горка казаць, але на агляднае дзесяцігодзьдзе Беларусь застанецца ў арбіце Расейскай імпэрыі і пад уплывам Масквы. Цалкам магчыма, менавіта з тэрыторыі Беларусі Пуцін нанясе ўдар па краінах NATO, і ня выключана, што тактычнай ядзернай зброяй. Зразумела, якім у такім выпадку будзе адказ.
Увогуле, мой прагноз базуецца на аптымістычнай надзеі, што сьвет запазьбегне сусьветнай ядзернай вайны, якая была б малаверагоднай у выпадку перамогі Ўкраіны і паразы Расеі, але робіцца ўсё больш рэальнай пры іншым раскладзе.
Галоўная ж нашая мэта (прычым у якіх заўгодна ўмовах) — не дапусьціць поўнай юрыдычнай анэксіі Беларусі Масквой, ліквідацыі яе дзяржаўнасьці і зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў.
Бо, — і тут я дадам аптымізму ў свае невясёлыя разважаньні — як казаў ужо ўзгаданы тут Васіль Уладзімеравіч , «Беларусь адродзіцца, калі ня скорыцца чужой сіле».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное