Ціханоўская: «Вось ужо пяць гадоў мае дзеці мараць пра тое, што павінна быць натуральнай часткай дзяцінства»

Лідарка дэмсіл звярнулася да беларусаў з нагоды Дня абароны дзяцей.

— На пытанне да маіх дзяцей, пра што яны мараць, мая дачка Агнія адказвае: «Каб тата вярнуўся». І дадае: «Ці каб да яго нашы лісты дайшлі». А Карней сумуе па нашых сямейных паездках на лецішча і бацькіных шашлыках, хаця яшчэ пяць гадоў таму наракаў і скардзіўся, што не хоча выязджаць з горада, — адначае Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская

Вось ужо пяць гадоў мае дзеці жывуць і мараць пра тое, што павінна быць натуральнай часткай дзяцінства.

Я ведаю, што пра падобнае мараць і іншыя дзеці, чые сем’і раздзяліў рэжым – зноў быць разам, зноў пачуць дарагі голас.

Сёння ў свеце адзначаецца Дзень абароны дзяцей, але аб якой абароне можа ісці гутарка, калі дзяржава разлучае дзяцей з бацькамі?

Лідарка дэмсіл нагадала і пра іншыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сёння дзеці ў Беларусі.

— Прапаганда ў школах, прымусовыя зборы ў падтрымку рэжыму, загон у БРСМ і ўдзел у ягоных вар’яцкіх акцыях. А многіх дзетак увогуле не бяруць у секцыі і кружкі толькі таму, што іх сем'і прызнаныя «неблагонадежными», бо іх бацькі мелі смеласць выказацца супраць несправядлівасці, — пералічвае яна праблемы.

Рэжым вымушае дзяцей баяцца, маўчаць і ахвяраваць сваімі жаданнямі на карысць ўлад. Рэжым вучыць іх быць ціхімі, «не высоўвацца», імкнецца ўкараніць думку, што ўсё вырашаюць «людзі наверсе».

Тым не менш, упэўнена Святлана Ціханоўская, нашы дзеці растуць таленавітымі і сільнымі.

— І гэтыя талент і сілы трэба не душыць, а падтрымліваць, абараняць ад нападак ды цкавання з боку «ідэалагічных» настаўнікаў. Вучыць дзяцей гаварыць на роднай мове, а не саромецца яе. Разам гартаць старонкі сапраўднай гісторыі, а не пагаджацца з фэйкамі дзяржаўных падручнікаў. Тлумачыць, што значыць талерантнасць. Заахвочваць пытанні, цікавасць, жаданне разбірацца ў тым, што адбываецца навокал.

Калі мы хочам, каб дзеці раслі ў краіне без страху, з правам на голас, давайце разам паказваць ім, што свабода і справядлівасць займаюць важнае месца ў нашым жыцці. Давайце вучыць іх клопату пра блізкіх, павазе і смеласці быць сабой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(61)