Чалы: «У яго зламалася карціна сьвету»
Эканамічны аналітык – пра тое, як Лукашэнка перайграў сам сябе.
Сяргей Чалы лічыць, што апошнія падзеі вакол закрыцьця літоўскай мяжы паказалі: для Аляксандра Лукашэнкі кантрабанда мае большы прыярытэт, чым стан беларускай эканомікі і дачыненьні з суседзямі, піша Радыё Свабода.
— Калі Лукашэнка абвінавачвае літоўцаў у кантрабандзе, ён насамрэч апісвае свае дзеяньні. Ён кажа, што ўсё было добра, што кантрабанду мы гналі таварнымі вагонамі, хавалі яе ў транзыт кітайскіх тавараў праз Польшчу — пад выглядам прадукцыі дрэваапрацоўкі, чаго заўгодна. Гэта рабілася прамысловым спосабам, — адзначае аналітык у эфіры праграмы «ПіК Свабоды».
Паводле Чалага, пасьля закрыцьця мяжы кантрабандныя схемы «перайшлі ў неба» — сотні паветраных шароў выкарыстоўваліся для перакіданьня цыгарэтаў і іншых тавараў у Літву. Менавіта гэтыя інцыдэнты сталі прычынай таго, што літоўскія ўлады 29 кастрычніка закрылі пункты пропуску Салечнікі і Меднікі:
— Стала зразумела, што для яго кантрабанда прынцыпова важная. Ён гатовы сапсаваць міжнародныя дачыненьні з суседзямі дзеля гэтай кантрабанды. Яна для яго важней, чым нейкія паказьнікі макраэканомікі. Для яго кантрабанда — тое, што бліжэй да сэрца, а страты, якія нясуць усе іншыя, размазаныя тонкім слоем па іншых прадпрыемствах.
Аналітык тлумачыць, што Лукашэнка спрабаваў выкарыстаць кантрабанду і прыгранічны ціск як інструмэнт шантажу Захаду:
— Ён хацеў націснуць на Польшчу і Літву, думаючы, што існуе нейкі «Вашынгтонскі абкам», які загадае Літве вярнуць транзыт калійных угнаеньняў. Ён быў перакананы, што дастаткова крыху падштурхнуць — і сытуацыя разгорнецца ў яго карысьць. Але ўсё пайшло наадварот, — сказаў Чалы.
Паводле яго, нядаўна ў Лукашэнкі «была гістэрыка», калі ён зразумеў, што Вашынгтон не кантралюе рашэньні Літвы, а наадварот — літоўцы ўплываюць на пазыцыю ЗША, патрабуючы ад іх больш жорсткага стаўленьня да Менску:
— У яго зламалася карціна сьвету. Шантаж больш не ўспрымаецца як інструмэнт сілы. А літоўскія палітыкі цяпер кажуць, што Лукашэнка адчувае боль, таму іхная задача — узмацніць яе яшчэ больш. Ён перайграў сам сябе.
Сяргей Чалы мяркуе, што сытуацыя з кантрабанднымі шарамі пераходзіць з эканамічнай у сфэру бясьпекі палётаў і можа быць разгледжаная на ўзроўні Эўразьвязу.
Праблема з лякальнай ператварылася ў праблему бясьпекі, і гэта ўжо не проста справа мытні — гэта пытаньне для ЭЗ. Лукашэнка сам сябе загнаў у пастку.
29 кастрычніка Літва закрыла два памежныя пераходы зь Беларусьсю пасьля інцыдэнтаў з паветранымі шарамі, якія, паводле Вільні, выкарыстоўваліся для кантрабанды цыгарэтаў.
Читайте еще
Избранное