Война

1095 дзён на фронце. Маналёг беларуса, які тры гады ваюе за незалежнасьць Украіны

24 лютага 2022 году Расеі пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны. Гэтыя падзеі зьмянілі лёс мільёнаў людзей, у тым ліку і беларусаў. Радыё Свабода расказвае гісторыю аднаго зь іх, колішняга пацыфіста і актывіста кампаніі «Ежа замест бомбаў», які трапіў на фронт у першыя дні вайны.

Танк Leopard украінскіх узброеных сілаў падчас баёў ля сяла Шаўчэнкава, студзень 2025 Photo: Ян Мельнікаў (Courtesy Photo)

Ян Мельнікаў. Беларус, 31 год. Паходзіць зь Менску, зь беларуска-латыскай сям’і. Бацькі пазнаёміліся ў Латвіі, Ян нарадзіўся ўжо ў Беларусі. Дзень нараджэньня сьвяткуе 8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы. Кажа, што ўжо гэта вызначыла ягоны лёс, не паехаць ва Ўкраіну ня змог бы.

Упершыню стала ў Кіеве ён атабарыўся падчас Эўрамайдану, куды паехаў неўзабаве пасьля зьяўленьня першых паведамленьняў аб загінулых пратэстоўцах, сярод якіх быў і беларус Міхась Жызьнеўскі.

Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча з Кіева Ян застаўся ва Ўкраіне, увесну 2014 году ўдзельнічаў у баях з прарасейскімі баевікамі каля Пакроўску. Цяпер ваюе ў тых жа мясьцінах. Камандуе мінамётным падразьдзяленьнем, якое ўваходзіць у структуру палка імя Каліноўскага. На вайне зь першага дня поўнамаштабнага расейскага ўварваньня.

З нагоды трэцяй гадавіны пачатку вайны Ян расказаў Свабодзе пра тое, як зьмянілі яго падзеі апошніх гадоў, чаму некалі перакананы пацыфіст і актывіст антываеннага руху сам узяў у рукі зброю.

Ян Мельнікаў, камандзір мінамётнага падразьдзяленьня палка Каліноўскага

Жарты пра пачатак вайны

«У лютым 2022 году я пастаянна жыў на базе «Азова» ў Кіеве. У нас там быў рэкрутынгавы цэнтар. А канкрэтна я паўгода перад пачаткам вайны займаўся падрыхтоўчымі курсамі для цывільных. Тады фармаваліся падразьдзяленьні тэрытарыяльнай абароны. Мы давалі веды з тактычнай мэдыцыны, абыходжаньня са зброяй, агнявой падрыхтоўкі. Такія асноўныя неабходныя навыкі.

Было зразумела, што неўзабаве пачнуцца актыўныя баявыя дзеяньні. Што ня так проста адбываецца гэтае сьцягваньне расейскіх войскаў да мяжы. Рыхтавалі людзей да асноўных навыкаў вядзеньня баявых дзеяньняў.

За некалькі дзён да 24 лютага мы паехалі ў Сумы, на ўсход Украіны, праводзілі там вышкал для мясцовай тэрабароны. Заняткі былі. Пасьля акурат гэтая тэрытарыяльная абарона і прыняла на сябе асноўны ўдар, калі на Сумы пайшлі расейскія калёны.

Мы жартавалі ў тыя дні паміж сабой. Тады з Майдану ў Кіеве ўжо пачаліся жывыя трансьляцыі заходніх СМІ. Кожны дзень хтосьці казаў, што вось заўтра, вось ужо дакладна пачнецца вайна. І так кожны дзень. Калі ня сёньня, то вось заўтра дакладна пачнецца. У нас у Кіеве на базе хлопцы бегалі і жартавалі: «Ужо! Пачалася!» Пранкавалі так.

Уначы з 23 на 24 лютага я спаў. Хлопцы забягаюць у пакой, уключаюць сьвятло, агульную трывогу. Я кажу ім: «Адчапіцеся, дайце паспаць». Мне ў 7 трэба было прачынацца. А яны не спыняюцца. Сапраўды, маўляў. Вайна. Палез у Telegram, а там ракеты ў Івана-Франкоўску, у Кіеве. З Крыму пайшлі ўжо. Зразумеў тады, што ня жарты. Што пачаўся дзень. Усе сабраліся на базе, камандзіры. За некалькі гадзінаў мы былі ўжо гатовыя».

«Усе разумелі, што вайна адновіцца»

«Выяжджаць з Украіны ў лютым 2022 году ў мяне не было варыянтаў. Я ж, наадварот, рыхтаваўся. Я разумеў, што вайна будзе. Тое самае ва ўсіх хлопцаў было, хто з 2014 году ваяваў. У апошні час да 2022-га актыўных баявых дзеяньняў не было, але мы ўсе ведалі, што яны пачнуцца. Нават тыя, хто зусім ня быў задзейнічаны ў нечым мілітарным.

Але для нас усіх гэта проста замірэньне было. Разумелі ўсе, што гэта толькі перапынак, што некалі вайна адновіцца. Чакалі яе. Тэрыторыі былі акупаваныя, украінскія хлопцы заставаліся ў палоне.

Усе гады перад 2022-м я жыў з такім адчуваньнем, што ўсё адновіцца. Што будзе прыкладна тое ж, што здарылася паміж сэрбамі і харватамі ў свой час. Калі Харватыя рыхтавалася і ў пэўны момант вызваліла свае тэрыторыі ад арміі Югаславіі. Мы чакалі тады, што калі ня Крым, то хаця б Данбас Украіна, сабраўшыся зь сіламі, зможа вызваліць. Было разуменьне, што раней ці пазьней пачнецца поўнамаштабная фаза і я ў ёй буду браць удзел.

Я ў стасунках зь дзяўчынай, зь беларускай. Мы іх пачалі ў 2020 годзе. Я адразу ёй сказаў, што не на вайне знаходжуся часова. Што праз 2-3-5 гадоў усё адновіцца і я паеду на фронт. І вось цяпер я камандую мінамётным узводам у палку Каліноўскага.

Паўтара месяца мы ў ваколіцах Пакроўску. Таго самага, адкуль мой баявы шлях ва Ўкраіне пачынаўся. У траўні будзе 11 гадоў, калі я сюды вярнуўся. Але тады я з аўтаматам у руках ехаў сюды разганяць рэфэрэндумы сэпаратыстаў, а цяпер тут авіяцыя і артылерыя, якія руйнуюць горад».

Захад сонца на дарозе да Пакроўску, 20 км ад лініі фронту. Фота з асабістага архіву Яна Мельнікава

Антываенныя пікеты і «Ежа замест бомбаў»

«Ці думаў я, што некалі траплю на такую сапраўдную вайну? Я цяпер часам успамінаю адзін эпізод са свайго дзяцінства. Здаецца, гэта была другая чачэнская кампанія ў Расеі. Я быў малы зусім. І па расейскай тэлевізіі паказвалі сюжэты з Грознага часам. НТВ тады было, яны проста баявыя дзеяньні паказвалі. Баі, разбурэньні, целы ахвяраў. Але перад гэтым заўсёды папярэджвалі гледачоў, каб прынялі ад экранаў дзяцей.

І вось я запомніў, як аднойчы мой тата кажа мне: «Сядзі і глядзі». Там быў пасыл, што вось як з расейскіх вайскоўцаў зьдзекуюцца чачэнскія баевікі. А ў мяне ў галаве, што гэта ж Чачэнія. І што туды расейцы прыйшлі са зброяй у руках. Я малы быў, шкадаваў чачэнцаў. Памятаю, думаў, што каб быў дарослы, то паехаў бы ім дапамог.

Але пасьля, вядома, зьмяніліся погляды. У апошнія гады жыцьця ў Беларусі я быў сьвядомым пацыфістам. Удзельнічаў у антываенных пікетах ля Міністэрства абароны ў Менску. Мы праводзілі акцыі «Ежа замест бомбаў» на мікрараёне Ўсход. Гатавалі ежу, раздавалі бяздомным яе. Улёткі друкавалі і раздавалі. Пісалі там, як шмат у сьвеце траціцца сродкаў на вытворчасьць зброі. На пераўзбраеньне, калі існуе шмат незакрытых сацыяльных праблемаў.

Я быў з тых людзей, якія казалі, што ня трэба вайны, трэба дыялёг. Што заўсёды можна дамовіцца.

Цяпер я разумею, што не. Што існуе д’ябал і вораг, зь якім не дамовісься. Які заўсёды будзе толькі забіваць. Кажуць, што Расея ваюе, бо гэта Пуцін, бо гэта ягоная ідэя і ініцыятыва. Але ж Прыднястроўе не пры Пуціну было. Афганістан яшчэ раней. Расейцы ідуць ва Ўкраіну не размаўляць — яны тут, каб забіваць і захопліваць. Таму я ўзяў у рукі зброю».

Зьмененае адчуваньне рэчаіснасьці

«У лютым і вясной 2022 году мы былі ўзрушаныя, былі гатовыя адбівацца. Хацелі ваяваць, калі можна так сказаць. Але ўжо летам усё зьмянілася. Мы ваюем, бо іначай ніяк, нельга не ваяваць. Я вось толькі сёньня раніцай размаўляў з пабрацімам. Пра тое, што нашая вайна ператварылася ў маратонскі забег. Мы проста бяжым — і, пакуль бяжым, маем сілы. Бяжым па інэрцыі, робім нешта. Пакуль не перасеклі гэтай фінішнай рысы.

Эмоцыі адмаўляюць, разумовыя здольнасьці. Але мы бяжым, бо гадамі рыхтаваліся да гэтага забегу. Як толькі пяройдзем фінішную рысу, то будзе тое самае, што з маратонцамі, якія дабеглі і ўпалі адразу за фінішам.

Мы ўсе стаміліся, мы ўсе не адчуваем сябе. Зьмененая псыхіка, зьмененае адчуваньне рэчаіснасьці. Правільней будзе сказаць «іншае адчуваньне», напэўна. Адчуваньне таго, што адбываецца навокал. Мы ўсе на апошніх сілах, на аўтаматызьме. Інакш тут проста немагчыма».

Я за гэтыя гады моцна зьмяніўся, вайна ўсіх мяняе. Мне, магчыма, яшчэ пашанцавала, бо трэба разумець, што я пачаў у 2014-м. І 2022-і быў для мяне не такім моцным шокам, як для іншых. Але, вядома, адбылося пераасэнсаваньне магчымасьцяў жыцьця. Таго, хто мы такія і навошта мы жывём. Я ў спакойныя моманты задумваюся цяпер: што ўвогуле ў галяктыцы нашай і сусьвеце адбываецца, ці маюць яны межы? І чаму людзі, замест таго, каб высьветліць гэта, адкрыць сьвет для сябе, трацяць мільярды на зброю і забойства адзін аднаго?»

Патруляваньне чыгункі ў ваколіцах Пакроўску, 24 студзеня 2025. Фота з асабістага архіву Яна Мельнікава

«Думалася, што яшчэ год — і вайна скончыцца»

«Я халодны стаў, вядома. Памятаю, калі першы раз кроў пабачыў. Раненьне, ампутацыю кісьці. Стаяў у ступары, ня мог дапамагчы, калі вакол усе кідаліся на дапамогу. Застыў, як камень.

Цяпер жа, калі бачу траўматычную ампутацыю нагі, адразу ацэньваю, кідаюся на дапамогу. І калі гэта ампутацыя ніжэй калена, то з радасьцю пра гэта расказваю параненаму. Маўляў, дзякуй Богу, калена на месцы. Бо калі ампутацыя вышэй калена, то тады цяжка зрабіць пратэз, цяжка навучыцца зноў хадзіць. А калі сустаў зьберагаецца, то шмат хто пасьля ампутацыі працягвае ваяваць. Ходзіць у выведку, робіць штурмы.

Вось такі вам прыклад, як тры гады вайны мяняюць чалавека. І яно ўсяго датычыць. Для мяне звычайнае цывільнае жыцьцё ўжо цяжкае. Раней радавала, умоўна, адкрыцьцё нейкай новай кавярні. Дзень нараджэньня знаёмага. Цяпер усё гэта для мяне ня важна. Усе гэтыя падзеі, якія радуюць нармальных людзей. Пра дзень народзінаў я нават свой магу цяпер ня памятаць. Успомніць пра яго, толькі калі нехта павіншуе.

Пра завяршэньне вайны я зусім ня думаю. Ня ведаю, якім яно будзе і што я б хацеў тады зрабіць. Гэта ня так, як у фільмах пра вайну, дзе ўсе чакаюць перамогі. Калі яна будзе, то і будзем размаўляць. Я ж на самым пачатку ведаў, што ў сярэднім баец пяхоты жыве 2-4 атакі. Так думаў, што ўсё са мной скончыцца.

Але летам-восеньню 2022 году зразумеў, што ніхто ня ведае, як бывае. Тады вызвалялі горад за горадам. Харкаўшчыну, Херсоншчыну. Думалася, што яшчэ год — і вайна скончыцца. У 2023 годзе. І што паеду я дадому, далей вучыцца ці яшчэ нешта. А цяпер, у 2025-м, я думаю, што добра было б утрымаць хоць тое, што сёньня маем. Тыя межы, якія ўсталяваліся, на якіх мы стаім.

Я за ўсе гады вайны шмат плянаў набудаваў, і яны кожны раз разбураліся. Кожны раз нешта адбывалася, на што я не магу паўплываць. Нейкія такія былі падзеі. Мне цяжка сказаць, ці я нешта пляную цяпер. Зараз усе гавораць пра перамовы, што будзе замірэньне. Але я разумею, што ня будзе. Досьвед мне падказвае, што калі ні расейцы, ні ўкраінцы не дасягнулі сваіх мэтаў, то гэта зноў будзе часова.

Немагчыма пабудаваць доўгі і стабільны мір у гэтай сытуацыі. Нехта кажа, што можа быць, як у Паўночнай і Паўднёвай Карэі. Дзе ўсё ўсталявалася і яны больш-менш спакойна жывуць дзесяцігодзьдзямі. Але я думаю, што тут гэта немагчыма».

«Мне ўжо за 30, я пажыў»

«У мяне сёньня ўвогуле няма аптымістычных прагнозаў. У 2014 годзе на Майдане забілі больш за сто пратэстоўцаў. Уцёк Януковіч, усё, канец. Тады мы думалі, што гэта вялікія ахвяры, было адчуваньне непапраўнай трагедыі. Пасьля былі тысячы забітых у Крыме і на Данбасе. Тая сотня забылася ўжо. Здавалася, куды ўжо горш можа быць.

І тут 2022 год. Я цяпер думаю, што могуць празь нейкі час надысьці такія падзеі, пасьля якіх мы будзем і 2022 год лічыць добрым. Успамінаць, як тады добра было. Я думаю, што мы вельмі хутка набліжаемся да нейкага глябальнага канфлікту.

Ці думаў я за гэтыя тры гады, што можна проста паехаць некуды жыць у Польшчу, выехаць з вайны? Ды кожны дзень! Жартую, вядома. Але былі, былі такія думкі. Неаднаразова.

Але ж ёсьць нейкі ўнутраны абавязак. Пакуль я здатны нешта рабіць для агульнай перамогі, я павінен гэта рабіць. Гэта мой абавязак перад памерлымі, перад параненымі і жывымі. На маю суб’ектыўную думку, гэта найлепшы спосаб ушанаваць памяць пра загінулых. Мне яна здаецца слушнай. Трэба давесьці справу, якую пачыналі разам, да лягічнага завяршэньня. Іначай які сэнс у тых ахвярах? У сьмерці тых хлопцаў? Навошта тады гэтыя ахвяры былі патрэбныя, за што яны былі?

Мы ўсе вельмі стомленыя вайной. За апошнія паўгода, як зараз модна гаварыць, я выгараў. Але ў мяне няма перад самім сабой маральнага права ўсё кінуць і зваліць. Я часам казаў сабе за тры гады гэтыя: «Ты стаміўся, ты цяпер неэфэктыўны. Трэба ўзяць паўзу і перагледзець нешта».

Але пасьля, калі прыяжджаю на адпачынак, калі я быў 1-2 тыдні не на вайне, то зноў думаю пра тое, што там хлопцы гінуць. Што моладзь на лінію фронту прыяжджае 20-гадовая, а мне ўжо за 30. Я пажыў ужо, пабачыў жыцьцё. Я цяпер лепш разумею 40-50 гадовых, якія прыяжджаюць на вайну, каб маладыя, 20-гадовыя, пажылі. Яны ўсе тое самае гавораць».